Суперпоўня і яе зацьменне ў гарадзенскім небе
Гарадзенцы маглі пачаць назіранне зацьменне адразу пасля 4 гадзін раніцы – у гэты час цень планеты пачаў закрываць дыск Месяца.
“Суперпоўня” гэта з’ява, калі Месяц у фазе поўні максімальна набліжаецца да Зямлі. Адлегласць паміж імі складае 356 876 кіламетраў (звычайна каля 386 тысяч км). Мінскі планетарый паведамляў, што сёлета поўня была на 14% большая ў дыяметры і на 30% больш яркая, чым звычайна.
Пад час поўнага зацьмення Месяца Сонца, Зямля і яе спадарожнік выстройваюцца на простай лініі. Месяц такім чынам хаваецца ў цені планеты. Назіраць такую з’яву можна прыкладна раз на два з паловай гады ў любым месцы Зямлі.
Аднак зацьменне суперпоўні больш рэдкая з’ява. Па дадзеным NASA у мінулым веку іх было толькі пяць: 1910, 1928, 1946, 1964 і 1982.
Пад час зацьмення суперпоўні, па прычыне рэфракцыі святла, Месяц не знікае цалкам з віду, а змяняе колер і набывае чырвона-карычневыя адценні. Менавіта таму пад час зацьмення поўня робіцца “крываваю”.
Цягам гадзіны можна было бачыць, якія змены адбываюцца на небасціле: поўня ўсё больш закрывалася ценем, можна было разглядзець яе рэльеф. Хутка толькі яе акрайчык застаўся свяціцца.
Цалкам чырвонаю поўня стала хутка пасля 5 гадзін.
Аднак доўга парадавацца і падзівіцца на нябесную цікавостку не ўдалося – даволі хутка неба закрылі шчыльныя хмары.
Другая фаза зацмення, калі Месяц выходзіць з ценю планеты, сёлета засталася недаступнаю для назірання ў Гродне.
Сонца ўзышло над горадам у 7.05.
Здымкі аўтаркі і Рона Солфа
Чытай таксама:
Ноч пасярод дня: як назіралі зацменне ў Гродне паўстагоддзя таму