За каменным муром: брыгіцкі манастыр, які гарадзенцы не бачылі (шмат фота)

|

Мы знялі ўсю тую даўніну, якая ў хуткім часе атрымае новы выгляд. Будаўнікі абяцаюць, што рэканструкцыя будзе праведзена з захаваннем ўсёй гістарычнай каштоўнасці аб’екта.

 

Фотафакт: У час рэканструкцыі знеслі частку сцяны Брыгіцкага манастыра ў Гродне

 

Адзін з самых прыгожых і таямнічых комплексаў, які займае цэлы квартал старога Гродна, жаночы Брыгіцкі манастыр, ужо даўно цікавіць як гісторыкаў, так і звычайных гараджан. У свой час у гэтым комплексе былі свае парадкі і законы, можна сказаць быў уласны маленькі горад.

 

Узвядзенне яго пачалося ў 1635 годзе, калі вялікі маршалак літоўскі Кшыштаф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра заснавалі кляштар у памяць прыёмнай дачкі Грызельды, якая рана пайшла з жыцця. У 1642 годзе на месцы драўлянага быў узведзены мураваны касцёл у стылі барока.

Сёстры-брыгiткi жылі ў манастыры з сярэдзіны XVII стагоддзя да смерці апошняй манашкі ў 1908 годзе, пасля чаго на іх месца прыбылі сёстры-назарэтанкi.

 

25 сакавіка 1950 года дзейнасць манастыра была спыненая, у касцёле планавалася стварыць канцэртную залу, у іншых будынках размясціць дзіцячы сад, а пазней – псіхіятрычную бальніцу. Уласна апошняе і было выканана. Каля 40 гадоў псіханеўралагічны дыспансер размяшчаўся ў старадаўнім комплексе.

Толькі ў 90-х ім удалося з’ехаць і касцёл вярнулі зноў веруючым.

 

У старым лямусе, які знаходзіцца на тэрыторыі комплексу, у будучыні можа размясціцца экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіi. Чакаецца, што ў музеі можна будзе ўбачыць старадаўнія кнігі XVII-XIX стагоддзяў, алтарныя карціны, дакументы, фатаграфіі і многае іншае.

 

Лямус- гэта двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе.

Лямус можна назваць унікальнай для Гродна гістарычнай пабудовай. Ён узведзены, па некаторых крыніцах, у 1630 годзе. Будынак зроблены ў традыцыях беларускага народнага дойлідства – выкладзены з масіўных брусоў без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў.

 

Адносна добра захавалася забудова самога манастыра,  якая ўяўляе сабой замкнёны чатырохкутнік з прасторным унутраным дваром. У свой час увесь манастыр быў абнесены каменнымі сценамі, усярэдзіне якіх быў разбіты цудоўны сад.

Дарэчы, у 1964 годзе ў крыпце касцёла была знойдзена вялікая колькасць ікон і партрэтаў (у тым ліку заснавальнікаў манастыра), якія пасля рэстаўрацыі ў Эрмітажы ўпрыгожылі экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску.