Бар “Амiгас” вярнуўся! З новым гнуткім меню і старой сяброўскай атмасферай

У мінулым “Амiгас” быў месцам сустрэч добрых людзей і сяброў. У бары заўсёды панавала абстаноўка сяброўства і весялосці.

 

– Пастаянны гул размоў, яркая і вясёлая музыка – гэта адна з галоўных рыс нашага бара. І менавіта гэтага не хапала ў горадзе. У “Амiгасе” няма чужых людзей, усе хто прыходзіць да нас у госці аўтаматычна становяцца нашымі сябрамі. Хіба дрэнна калі ў бары цябе сустракае не толькі персанал, але і самі кліенты? Я думаю, не. Мы паспрабавалі ўзнавіць стары бар сваімі рукамі. Думаю, у нас атрымалася. Я бачу гэта па вачах людзей, якія прыходзяць да нас. Таксама мы чуем вельмі шмат падзяк. Новы “Амiгас” – гэтае месца з гісторыяй і цёплай сяброўскай атмасферай, – распавядае бармэн Аляксандр.

Пасля закрыцця ад бара мала чаго засталося, але агульнымі намаганнямі месца ўдалося адрадзіць.

 

– Калі мы першы раз зайшлі ў бар пасля закрыцця, там адсутнічала шмат рэчаў. Нам давялося рабіць усё сваімі рукамі. Усё, што цяпер вы бачыце ў “Амiгасе”, гэта вынік работы вельмі добрых людзей, для якіх месца было неабыякавым. У планах – зрабіць яшчэ больш цёплы інтэр’ер.


Мы цалкам змянілі рэцэптуру страў, дадалі піцы. З кожным тыднем мы будзем дадаваць нешта новае і прыбіраць тое, што не карыстаецца попытам. Гэта гнуткі варыянт меню, які сведчыць аб тым, што ўсё, што мы робім у гэтым бары, – гэта для нашых наведвальнікаў.

Хутка з’явяцца кактэйльныя меню. У адным з іх будуць кактэйлі з мексіканскай тэматыкай, у іншым – класічныя. Але людзі, якія нас добра ведаюць, заўсёды звяртаюцца да бармэна і давяраюць яго густу.

Бар працуе ўсяго некалькі дзён, а туды ўжо прыходзіць шмат людзей. Як кажуць супрацоўнікі, ёсць і старыя знаёмыя, і зусім новыя людзі.

 

– Наша барная стойка ламiлася ад алкаголю, а сталы ад выдатнай ежы. Прыходзілі і тыя, хто быў з намі з дня адкрыцця бара. Ніколі яшчэ мы не бачылі столькі сяброў у адным месцы. Мы вельмі рады, што наш бар ўсё яшчэ памятаюць і адгукаюцца пра яго вельмі цёпла.

Нагадаем, “Амiгас” зачыніўся ў канцы кастрычніка 2014 года з-за фінансавых праблем.

 

Прадстаўляем вашай увазе відэа з апошняй вечарыны:

 


 

Бар знаходзіцца па вул. Стэфана Баторыя, 8б  (за крамай “Баторыя”)

Час працы:

будныя дні з 15.00 да 00.00

выходныя дні з 15.00 да 04.00

 

Чытайце таксама мінулагоднюю рэцэнзію бара “Амігас”. “Твой стыль” пабываў там у маі 2014 года, і тады нам вельмі спадабалася!