З Беларусі ў Еўразвяз праз МOST: у Гродне прэзентавалі праграму стажыровак для прафесіяналаў

Прадстаўляць праект у Гродне прыехалі кіраўнік праета МOST, дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман, кіраўнік працоўнай групы праекта Клаўс Баер і праектны мэнэджар Наталля Ількевіч. Госці адразу зазначылі, што Гродна стаў першым з абласных цэнтраў, дзе прэзентуецца праект.

 

 

“Як толькі я увайшоў у залю, пабачыў гэта скаражэнне “GI” (Гроднаінвест), адразу успомніў пра наш Інстытут” (GI – Goethe Institut) – пад час знаёмства зазначыў Франк Баўман. Далей ён паведаміў, што магчымасць рэалізацыі праграмы для іх – таксама вынік  праектнай дзейнасці.

 

“Мы падавалі заяўкі на магчымыя праекты з удзелам Беларусі і краін Еўрасаюза, і адмысловая камісія выбрала менавіта нашу прапанову для рэалізацыі. Потым быў доўгі перыяд, патрэбны на падрыхтоўку дакументаў, рэгістрацыю, іншыя бюракратычныя працэдуры, але зараз гэта ўсё зроблена, праект афіцыйна распачаты і мы хочам, каб пра яго даведалася як мага больш беларусаў”.

Інстытут імя Гётэ будзе выконваць у праекце функцыі набліжаныя да сакратарскіх: тэхнічная праверка заявак, скіраванне іх на разгляд экспертным камісіям, пры неабходнасці – дапамога ў пошуку партнёраў ў Еўрасаюзе і арганізацыя паездкі на стажыроўку – замова жытла, забеспячэнне харчавання, мясцовага праезду і візавай падтрымкі. 

Пра адметнасці праграмы МOST распавёў Клаўс Баер. Ён адзначыў, што новая праграма ўнікальная, аналагічных раней не існавала не толькі ў адносінах да Беларусі, але і цалкам у праграме Усходняга партнёрства. Зараз адным з важнейшых інструментаў для дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай з’яўляецца магчымасць камунікацыі на ўзроўні звычайных людзей:

 

“Прафесіяналы з розных бакоў свету заўсёды змогуць знайсці агульную мову і здолеюць узбагаціць адзін аднаго падзяліўшыся ідэямі, распавёўшы пра ўласны досвед. Такі дыялог пойдзе на карысць не толькі ім, але і грамадству, цэлым краінам”, – зазначыў ён.

 

Таму ў праграме МOST няма шматлікіх абмежаванняў для тых, хто падае заяўкі на ўдзел. Галоўныя умовы – грамадзянства Беларусі, поўных 18 гадоў і прафесійны характар запланаванай стажыроўкі. Не важна, працуе заяўца ў дзяржаўнай ці прыватнай сферы, альбо прадстаўляе НГА – важны яго прафесійны ўзровень і абгрунтаванасць неабходнасці стажыроўкі.

Праект мае чатыры ключавыя напрамкі рэалізацыі: культура,  моладзь і адукацыя, навука і тэхналогіі. Чацверты напрамак “іншыя”, уключае ў сябе ахову здароўя, эканоміку, дзяржаўнае кіраванне, СМІ, і такім чынам бясконца пашырае магчымасці выбару тэматыкі стажыроўкі.

 

“Калі вы стварылі музычную групу, і хацелі б паехаць на адмысловы фестываль, ці маеце выдавецтва, і хацелі б патрапіць на кніжную ярмарку, ці лекар, і маеце патрэбу наведаць канфэрэнцыю – пішыце заяўку на ўдзел у праграме”, – заклікаў гарадзенцаў Клаўс Баер

Таксама прысутныя даведаліся пра магчымыя фарматы стажыровак – гэта могуць быць як кароткатэрміновыя персанальныя ці групавыя візіты (2-5 асобаў, да 7 дзён), ці, пры неабходнасці, падоўжаныя індывідуальныя стажыроўкі (да 4 тыдняў).

 

Падаць заяўкі на удзел у праграме можна праз форму на сайце праграмы most-belarus.eu. Усяго ў межах праекта пастажыравацца  ў краінах Еўрасаюза зможа 1500 беларусаў. Тэрмін дзеяння праекта да канца 2017 года, бюджэт, выдзелены на праграму, складае 4 795 000 еўра.

 

Па сканчэнню прэзентацыі я падышла да Франка Баўмана, каб запытацца, ці ёсць нейкія таямніцы, каторыя ён мог бы “па сакрэту” паведаміць адмыслова для нашых чытачоў. “Не змарнуйце гэты шанец”, – адказаў ён.

 

Здымкі аўтаркі