У Гродне пройдзе queer-кінафестываль Dotyk

|

Мэта праекта ў тым, каб тэмы сэксуальнасці, цялеснасці і гендару перасталі абыходзіць маўчаннем. “Дотык” гэта бяспечная прастора для дыскусій і знаёмстваў, гэта магчымасць атрымаць інфармацыю, знайсці ролевыя мадэлі або пазнаць сябе ў героях дакументальных і мастацкіх фільмаў.

 

“Дотык” – гэта квір-культура, якая выходзіць у афлайн, датыкаецца да нас у рэальным жыцці. І гэта важна, каб не адчуваць сябе самотнымі.

 

Правядзенне кінафестывалю ў Мінску паказала, што падобная актыўнасць важная для беларускага грамадства, і цяпер на чарзе восеньскія фэсты ў абласных гарадах. “Для таго каб праграма была цікавая гледачам у рэгіёнах, важна падтрымліваць сувязь з людзьмі, якія там жывуць”, – кажуць арганізатары. “Дотык” і яго гледачы – гэта раўнапраўныя суразмоўцы, партнёры па абмене думкамі, тлумачаць яны.

 

Арганізатары фэсту імкнуцца пазбегнуць іерархічнасці і ціску не толькі ўнутры каманды, але і пры ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. “Нам важна ўбачыць вашы асобы, пачуць вашыя галасы”, – кажуць арганізатары.

 

Яны запрашаюць гарадзенцаў 9 кастрычніка ў 18.00 у антыкафэ “Жывы час” па адрасе вул. Карла Маркса, 13/1. “Будзем знаёміцца, жартаваць, хавацца ад восеньскага холаду!”

 

На гарадзенскім квір-фэсце 9-11 кастрычніка можна будзе ўбачыць фільмы праграмы “Дотык-2015” і фота выставу ЛГБТ-мамы ​​(Украіна), якія ўжо ацанілі гледачы ў Мінску, Брэсце і Віцебску. На працягу трох дзён гарадзенцы будуць глядзець і абмяркоўваць тое, што важна.