Беларусь – бедная краіна? Хутчэй, вынаходлівая. Меркаванне заходнееўрапейца

|

Па-першае, што значыць бедны? Бедны або не – гэта вельмі суб’ектыўнае паняцце. Калі гэта значыць не мець водазабеспячэння, пабудаваных дарог,  не мець інтэрнэту і ежы, то Беларусь – не бедная краіна. Калі ўладкаванасць жыцця вымяраць тым, што кожны мае па два смартфоны, камп’ютар, ноўтбук, айпэд, дарагую машыну, асабісты дом, чатыры паездкі ў год на адпачынак і працу, якая забяспечвае ўсё гэта, то можна сказаць, што Беларусь – бедная. Аднак большасць заходнееўрапейцаў у такім выпадку таксама бедныя.

 

Я бы мог назваць беднымі людзей, якія не забяспечаны рэчамі першай неабходнасці для жыцця. Па гэтых стандартах Беларусь можна лічыць не беднай, а хутчэй вынаходлівай краінай.


Ежа і электроніка занадта дарагія?

 

Можна паехаць у Польшчу і набыць там танней. Максімальны кошт тавару, які можна набыць на працягу тыдня, складае 1500€. Гэта сапраўды вялізная сума, асабліва калі прыняць ва ўвагу, што гэта сума ў дзесяць разоў большая за сярэдні заробак па Беларусі. Для параўнання, у Швейцарыі гэта сума складае 300CHF/USD, а гэта краіна, дзе шмат людзей зарабляюць ў дзесяць разоў больш.


Няма грошай, каб набыць камп’ютар ці мабільны тэлефон?

 

Няма ніякай праблемы, можна купіць ужываны.

 

Я бачыў шмат старых камп’ютараў у школах і грамадскіх установах. Камп’ютары ўсе яшчэ дзейнічаюць з Windows XP, аперацыйнай сістэмай, якая больш не выпускаецца і не падтрымліваецца. Але ці мае гэта значэнне? Ёсць тэхніка і яна выконвае свае задачы. Новыя камп’ютары з новымі праграмамі часта працуюць павольна, як і старыя, з-за дрэннага праграмнага забеспячэння. Таму лепш застацца са старым камп’ютарам.

 

Часцей за ўсё набыць што-небудзь са старога ці ўжыванага – разумнае рашэнне, якое не вынікае з беднасці. Я часта набываю старыя рэчы, бо кошты на новыя завышаныя. Адна з самых дарагіх лінз, якую я набыў да свайго фотаапарата, зламалася праз некалькі месяцаў, і я карыстаўся ёй толькі тры разы. З іншага боку ў мяне есць другія лінзы, якія зроблены да 1950 году, і яны ўсе яшчэ працуюць таксама, як і калі яны былі толькі што набытыя.


Няма грошай купіць што-небудзь – зрабіце гэта самі

 

Гэты навык не вельмі вядомы у Заходняй Еўропе. Еўрапеец, у якога спусціла кола, абавязкова патэлефануе і звернецца за дапамогай, бо ён нават не мае паняцця, дзе знаходзіцца запасное кола.

 

У Беларусі, калі ты не маеш экрана, каб зрабіць прэзентацыю, можна скарыстаць проста белую сцяну. А калі ты маеш экран, але згублена некалькі шрубак, і ён больш не можа адкрывацца, можна выкарыстаць аловак альбо што-небудзь яшчэ, што пасуе да адтуліны, каб замяніць шрубку.

 

Гэта адносіцца таксама і да нематэрыяльных рэчаў, такіх як карыстанне бясплатнымі камп’ютарнымі праграмамі. Гэта можа быць адметнай рысай менталітэту, але ў Беларусі выкарыстоўваюць шмат праграм, якія будзе карысна параіць камп’ютарнікам у Заходняй Еўропе. Такія простыя рэчы як VLC альбо Teamviewer выкарыстоўваюцца ў школах Беларусі. У Заходняй Еўропе людзі выкарыстоўваюць дарагія спецыяльныя праграмы для школ, якія, зрэшты, не працуюць. Асабіста я аддаю перавагу беларускаму менталітэту ў тым, што навошта дорага плаціць за што-небудзь толькі з-за брэндавай назвы. Ці па прычыне нелегальнай загрузкі. Навошта загружаць софт, калі імя значыць больш, чым сама функцыя.


Таннейшая вытворчасць

 

Малако ў пластыкавых пакетах – гэта тое, чаго я ніколі не бачыў у Заходняй Еўропе. Гэта маленькая змена робіць яго значна таннейшым, чым малако ў пластыкавых бутэльках. У выніку гэтага людзі атрымалі тое, што ім было неабходна.

 

Тым не менш, Беларусь далека адышла ад Грузіі, дзе аўтобусы і маршруткі – гэта старыя машыны з іншых краін, са старымі крэсламі, устаноўленымі з іншых аўтобусаў, багажныя аддзяленні ад вялікіх аўтобусаў не па памеры. Падлога ўся іржавая, выкладзена драўлянымі дошкамі, звязанымі вяроўкамі і ізастужкай. Багаж кладуць на дах без ніякага забеспячэння, толькі абвязваюць вяроўкай. Такім чынам людзі едуць па ўхабістых дарогах, калі гэта наогул можна назваць дарогамі. Толькі бруд з ямамі, а то і горш, язда па гравійцы гадзінамі. На мой погляд, Беларусь не такая, у меншых гарадках, якія я бачыў, вандруючы цягніком. Многа імправізаванага, але не разбуранага, бо не хапае рэсурсаў.

 

Хто-небудзь мог бы сказаць, што гэта беднасць, калі ты не маеш магчымасці купіць адразу ўсё новае, што з’яўляецца ў продажы. Але калі хто-небудзь не робіць гэтага, ён больш цэніць рэчы. Гуляючы па горадзе, я здзіўляюся, навошта ў Беларусі столькім людзям DSLR (цыфравыя люстэркавыя) фотаапараты. Гэта не таму, што яны такія багатыя, але таму, што яны пэўны час збіралі грошы, каб купіць яго. Яны ставяцца да рэчаў лепш, чым заходнееўрапейцы, якія выкідаюць рэчы, калі яны становяцца “старымі”.


Цёмны бок

 

Паніжэнне кошту рэчаў у вытворчасці таксама прыводзіць да дрэннай якасці вырабаў. Спалучаючы гэта са старымі вырабамі, гэта можа стаць даволі небяспечным. У маёй кватэры электрычная разетка расплавілася, бо пральная машына пацягнула зашмат электрычнасці. Прычынай гэтаму сталася тое, што кабель і вілка былі занадта тонкія.

 

У Заходняй Еўропе ёсць два памеры разетак: вялікая – для звычайных электрычных прыбораў і паменш – для невялікіх рэчаў, як мабільны тэлефон.

 

У Беларусі пайшлі танным шляхам, і толькі невялікія разеткі выкарыстоўваюцца для ўсяго, часам нават без зазямлення. Таксама разеткі ў дамах даволі часта старыя і не могуць добра працаваць з гэтымі кабелямі. У выніку вілка не да канца кантактуе з разеткай, і з’яўляюцца іскры, або награваецца і плавіцца разетка, ці нават адбываецца невялікае ўзгаранне. Магчыма, гэта альтэрнатыўны спосаб грэцца зімой. Я думаю, мне давядзецца высветліць гэта праз пару месяцаў.

 

Тэкст і здымак: Рон Сольфа, пераклад на беларускую мову – Валянціна Азука


Чытайце таксама:


Ці Беларусь больш фемінісцкая за краіны Захаду?


Жабракі ў Заходняй Еўропе і Беларусі: колькі з іх патрабуе дапамогі, а колькі проста падманвае?


Заходняя і Паўднёвая Еўропа – рай на зямлі?