“Шахцёр” у чарговы раз апынуўся мацней за гарадзенскi “Нёман”

|

На выездзе ў прынцыповым матчы хакеісты “Нёмана” не змаглі супрацьстаяць салігорскаму “Шахцёру” і прайгралі з лікам 3:2.


Перад матчам восьмага тура “Шахцёр” і “Нёман” размясціліся ўверсе турнірнай табліцы, гэтага фактару было цалкам дастаткова для таго, каб ахарактарызаваць важнасць паядынку ў Салігорску. Ды і ў “Нёмана” былі яшчэ старыя рахункі з чэмпіёнам краіны.

 

Ужо на 4 хвіліне матчу гарадзенцам удалося выйсці наперад. У большасці вызначыўся Казнадзей. Салігорцам спатрэбілася 6 хвілін, каб зраўняць лік, i таксама гаспадары закінулі шайбу ў большасці.

 

Другі перыяд застаўся за “Шахцёрам” – адзіны гол у гэтай дваццаціхвiлiнцы правёў Дзямкоў, які рэалізаваў чарговую колькасную перавагу.

 

У трэцім i апошнiм перыядзе першымі закінулі салігорцы – вызначыўся былы гулец “Нёмана” – Аляксандр Усенка. А праз дзве хвіліны гарадзенцы намаганнямі Паўла Куцэвіча здолелі скараціць адставанне. Але, на жаль, гол гарадзенцаў застаўся апошнім у матчы.


“Шахцёр”- “Нёман”- 3: 2 (1: 1, 1: 0, 1: 1)

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань, пракаментаваў гульню каманд:

– Віншую суперніка з перамогай. На мой погляд, сёння была роўная гульня, ад пачатку да канца тактычная. Абодва бакі стварылі прыкладна роўную колькасць галявых момантаў. Аднак “Шахцёр” лепш адыграў у лікавай большасці, чым наша каманда.


Ключавы эпізод матча – у канцы першага перыяду, дзесьці за 20 секунд да сірэны на перапынак, пры ліку 1:1 Баярчук выскачыў “адзін у нуль”, нанёс добры кісцевы кідок, але, на жаль, шайба рыкашэтам патрапіла ў перакладзіну. Калі б мы забілі тады гол, магчыма, усё было б па-іншаму. А так, як я ўжо адзначыў, супернік лепш выкарыстаў свой шанец у лікавай большасці, а мы ўжо да канца матчу знаходзіліся ў ролі каманды якая даганяе.

 

Такім чынам “Шахцёр” працягнуў лідзіраваць у турнірнай табліцы з 22 баламі ў 9 сустрэчах.

 

А вось гарадзенцы апусціліся ніжэй і зараз займаюць 5 месца, маючы ў сваiм актыве 17 ачкоў.


Фота hcshahter.by