Не самыя турыстычныя Канары. Частка ІІ: Санта-Крус – сталіца Тэнэрыфэ

Працягваем публікаваць цыкл падарожных нататак гарадзенкі Наталлі, якая амаль выпадкова патрапіла на Канарскія выспы і правяла там не зусім курортны адпачынак.


Увесь час свайго падарожжа я жыла ў сталіцы правінцыі – горадзе Санта-Крус з насельніцтвам 220 тыс. чалавек. Гэта аказалася выдатнай магчымасцю адчуць сапраўднае штодзённае жыццё канарцаў і цалкам пазбегнуць турыстаў. На ўвесь горад існуе ўсяго чатыры гатэлі!

Сталічныя забудовы

 

Сталічны трамвай-метро

 

Дзіўна выглядае гарадское метро, што ўяўляе сабой трамвай, пракладзены па ідэальным газоне . Ходзіць па дакладным раскладзе, даволі часта. Метро мае прыярытэт і ніколі не спыняецца на светлафорах (тыя пераключаюцца на зялёнае святло аўтаматычна). У горадзе прывабная сістэма аплаты праезду, якую дакладна вылічвае валідатар. Напрыклад, пасля прыгараднага аўтобусу яшчэ паўгадзіны плата ў гарадскім транспарце не здымаецца. Пры перасадцы з трамвая (1,05€) на аўтобус (1,45€) валідатар здыме з карткі толькі недастаючыя 0,4€.

 

Шпацыраваць па цэнтральных вуліцах горада – задавальненне, якое не перадаць! Атмасфера камфорту ствараецца не толькі адметнай архітэктурай (яна прыцягвае погляд у любым новым горадзе), а і багатай расліннасцю. Аграменныя старыя дрэвы (Ficus microcarpa) сходзяцца кронамі, ствараюць глыбокі цень і радуюць вока. Ніжні ярус азелянення – кустарнікі і кветкі-аднагодкі. Амаль усё, што мы можам назіраць у нашых беларускіх кветкавых крамах, прывезенае з Галандыі, прарастае на Канарах проста на клубмах і ўзбочынах дарог.

 

Я адзначыла сакрэт Канараў №2 – гэта расліннасць, якая стварае камфорт у спякоту і прыхоўвае ад дажджу.

 

Сёння мы пройдземся бульварамі, якія больш падобныя на зялёную раку, чым на цэнтральныя праспекты, да самага прыгожага парку гораду – Гарсія Санабрыя. Але сённяшні шпацыр з-за пахмурнага надвор’я малалюдны і неба мае бела-шэры колер. Парк займае плошчу значна меншую за плошчу парка Жылібера ў Гродне. Але шчыльнасць раслін, рознабаковасць архітэктуры, забавы – тое, што можна было б пераняць і нам.

Бульварныя крэслы

 

Бульвар перарываецца пешаходнымі пераходамі і светлафорамі

 

Сучасная архітэктура, шматлікія і рознапланавыя лавачкі, кіёскі з газетамі і рэдкія кавярні на трохкіламетровай працягласці. Людзі бягуць у парк, спакойна шпацыруюць з дзецьмі, захоплена размаўляюць на ўтульных крэслах альбо сядзяць абасоблена і чытаюць кнігі – такую атмасферу я назірала на бульварах у любы час сутак, у буднія і выходныя дні. Камунікатыўная суполка на прыродзе!

 

А вось і парк – закладзены ў 1926-м, праз 80 год ён перажыў рэканструкцыю. Сучасныя скульптуры і класічныя фантаны, асобнае агароджанае месца для адпачынку сабак (таксама ж паўнавартасныя члены грамадства) і, вядома, дзяцей. Мне падабалася хадзіць у парк пасля восьмай вечара – замест бацькоў з крыклівымі дзецьмі лавачкі запаўняюцца пацалункавымі парамі і ўсе тропкі заліваюцца мяккім святлом. Ёсць высокія ліхтары, а ёсць падсветка толькі для дарожак.

 


 

Звычайны позні вечар, і я на арэліках – шчасце! Пахне нейкімі кветкамі, чуваць паркавых насекомых, а на суседняй дарожцы школьнікі год 12-14 катаюцца на скейтах, седзячы на попе. Весела ім, як малым! На суседнія арэлі прыйшла дзяўчына год 14-і, і вось мы з ёй па-даросламу разгойдваемся, амплітуды ў нас максімальныя, і шчасце на нашых тварах – ну, сапраўды, як дзеці! Да дзяўчыны падыйшлі хлопцы, заляцаюцца прыгожа – катаюць яе. Тут жа за кустамі стаяць чатыры скульптуры ў антычным стылі, садавіну ў руках жанчыны трымаюць, паглядваюць на нас з джакондаўскай усмешкай, радуюцца – маўляў, добрае пакаленне расце, шчаслівае…

Антычная дама назірае і радуецца

 

Працяг будзе…


Чытайце таксама:


Не самыя турыстычныя Канары. Частка І: выспа Тэнэрыфэ, пляжы і клімат