У Гродне адкрылі экалагічную дарогу, якая злучае Беларусь і Літву

|

Урачыстае адкрыццё прайшло на адным з трох новых маршрутаў, які знаходзіцца ва ўрочышчы “Пышкі”. Яго даўжыня – 5 160 метраў. Астатнія два маршруты дапаўняюць і працягваюць адзін аднаго. Трасы праходзяць часткова па асфальтаваных дарожках, але ў некаторых месцах будуць праходзіць па перасечанай мясцовасці.

Велатурысты сустрэнуць на сваім шляху стромкія ўздымы і спускі, а таксама іншыя прыродныя асаблівасці рэльефу мясцовасці.

“Сцежка здароўя” – кругавы маршрут, праходзіць ва ўрочышчы “Пышкі”, паралельна аднайменнай пешаходнай сцежцы, каля танцпляцоўкі і базы Зелянгаса.


“Мелавыя горы” – таксама кругавы маршрут, ён пачынаецца і заканчваецца на вуліцы Фестывальнай і праходзіць па правым беразе Нёмана, каля санаторыя “Жамчужына”, уздоўж Крэйдавых гор.


“Райгорад” вядзе турыстаў уздоўж маляўнічых берагоў Нёмана ў бок Гожы і далей праз Шабаны на мяжу з Літвой у пункце пропуску “Прывалка”, адкуль можна працягнуць свой маршрут у Друскенікі.

 

Па гэтых маршрутах ужо раней каталіся беларускія і літоўскія раварысты, цяпер жа іх адкрылі афіцыйна.

 

Як распавёў Сяргей Каляда, мэнэджар беларускай часткі праекта, Гродна з’яўляецца лідарам у краіне па колькасці рэалізаваных міжнародных праектаў.

– Я не верыў да апошняга моманту, што ў нас атрымаецца ажыццявіць дадзеную ідэю. Але ў адзін вечар нам прыйшоў ліст з інфармацыяй пра тое, што нам вылучаюць грошы. Гродна – гэта той горад, які з’яўляецца рэкардсменам па колькасці рэалізаваных праектаў. Разам з нашымі суседзямі мы ўжо зрабілі больш за 100 кіламетраў дарожак для ровараў. З намі нават не параўнаецца Мінск. Таму мы чакаем новых прапаноў. У планах у нас адкрыць велапарк у “Пышках”.

 

На адкрыцці выступалі трыялісты

 

Арганізатары маршрутаў пастараліся максімальна падкрэсліць прыродную прывабнасць трас. Для зручнасці турыстаў абсталяваны 14 месцаў адпачынку, дзе ўсталяваныя біяпрыбіральні, сталы, альтанкі, кантэйнеры для смецця, велапаркоўкі.

Прадстаўнік самакіравання Друскенік Алгiрдас Свiрскас адзначыў, што літоўскі бок вельмі рады супрацоўніцтву з Гродна.


– Усё што робіцца, толькі развівае адносіны паміж дзвюма краінамі. Мы спадзяемся, што і ў будучыні бакі будуць супрацоўнічаць таксама актыўна, як і сёння.

 

Пасля афіцыйнага адкрыцця прайшоў дзіцячы заезд, у якім прыняло ўдзел шасцёра дзяцей. Усім удзельнікам былі ўручаны браазалеты, што дазваляюць быць заўважнымі незалежна ад часу сутак.

Пасля ўсе жадаючыя адправіліся аглядаць новы веламаршрут.