Пажылая моладзь: як пенсіянеры запальваюць на танцах і падаўжаюць сабе жыццё

Танцуюць усе: ад былых дырэктараў да прадавачак

 

Кавалеры і дамы цэлы тыдзень грунтоўна рыхтуюцца да гэтай падзеі: выбіраюць строі, падбіраюць абутак і аксэсуары. Сядзяць на тэлефоне гадзінамі і абмяркоўваюць будучыя танцы.

Па словах аматараў весялосці, на пляцоўцы можна сустрэць як сваю другую палоўку, так і проста шмат цікавых людзей: ад былых будаўнікоў і дырэктараў да прадавачак і акторак.


Аляксей Аляксеевіч ужо шэсць гадоў не прапускае танцаў, для яго гэта лепшае, што можа быць. Пенсіянер распавядае, што яшчэ некалькі гадоў таму на танцпляцоўцы працёр за адзін сезон дзве пары туфляў.

Паглядзіце, як сёння нас шмат. Усе прыйшлі, бо думалі, што ўжо закрыццё, але кастрычнік шэпча цяплом, так што мы яшчэ патанцуем. Чаму я сюды хаджу? У першую чаргу адпачыць і патанчыць. Вось ужо шэсць гадоў як наведваю гэтыя танцы. Прыходжу на людзей паглядзець і сябе паказаць.


Як рыхтуецеся да танцаў?


– Мы – мужчыны, можам за пару гадзін прыгатавацца. А вось дамы рыхтуюцца за некалькі дзён. Вы паглядзіце, як яны ў нас апранутыя. А як яны танчаць!

 

А танчыць “моладзь” вельмі актыўна.

 

 

На танцах усе прыгожыя і цікавыя

 

Нэлі Аляксееўна арганізуе танцы з 2006 года. Пенсіянерка адзначае, што для многіх людзей адпачынак у “Пышках” падаўжае жыццё.

– Гэта ў нас стыхійнае мерапрыемства. Яно абавязвае ўсіх прыходзіць прыгожа апранутымі. За апошні час я магу смела сказаць, што нашы наведвальнікі выраслі ў культурным напрамку. Паглядзіце, колькі мы збіраем прыгожых і цікавых асоб кожны выходныя. Усе адзін аднаго ведаюць, ніхто нікога ніколі не пакрыўдзіць. У нас нават п’яных няма, усе культурненька танчаць або сядзяць, – тут спадарыня хутка заканчвае, выбачаецца і тлумачыць: – Я пабегла, акурат мой любімы танец

 

 

На танцпляцоўцы забываюць пра праблемы і хваробы

 

Дыджэй на танцах – усімі любімы Мікалай Аляксеевіч, ці, як яго называюць адпачываючыя, Коля.

 

Круціць кружэлку Мікалай на працягу апошніх дзесяці гадоў, а ў музыцы ён наогул з 1960 года. Сябе самога нейкім асаблівым чалавекам не лічыць: проста выконвае сваю працу і робiць людзей шчаслівымі.

– Для гэтых людзей, гэта, можна сказаць, адзінае шчасце ў жыцці. У нас яны забываюць пра ўсе праблемы і хваробы. У нас яны шчаслівыя. Вы паглядзіце колькі вясёлых асоб сёння. Многія прыйшлі, як на закрыццё сезону. Але яны яшчэ не ведаюць, які сюрпрыз я ім рыхтую. Будзем запальваць яшчэ ўвесь кастрычнік – галоўнае каб надвор’е не расчаравала.

 

Бываюць на танцах і зусім невытлумачальныя сітуацыі. Напрыклад, Тамара Васільеўна знайшла на танцпляцоўцы копію свайго загінуўшага мужа.

– Гэта быў лёс, ён вылучаўся з натоўпу. Усё той жа рост, і тая ж знешнасць. Ну проста копія майго мужа. Мала таго, яго таксама завуць Валера. Дзякуй за гэта танцам.

 

Пад “Кракавяк” танцуюць усе

 

Сярэдні ўзрост танцуючых каля 65-70 гадоў. Прыходзяць і такія, якім далёка за 80.

 

Кароль танцаў у Пышках – Валеры Пятроў. Але арганізатары кажуць, што ў апошні час яго нешта не відаць. Мікалай Аляксеевіч кажа, што і без Пятрова хапае добрых танцораў.

 

– Танцуюць пад ўсё, хоць часам усім не дагодзіш. Але, калі я ўключаю “Кракавяк”, у нас усе ўстаюць і ўсе танчаць. Гэты від танцаў ніколі не выйдзе з моды.

 

Варта было маладому хлопцу з’явіцца на танцпляцоўцы з фотаапаратам, як усе пачалі прасіць сфатаграфавацца, нібы тая моладзь, якая посціць свае фота ў Instagram. Дарэчы, моладзь мы там таксама сустрэлі.

 

Сыходзячы з гэтага месца, лаўлю сябе на думцы, што старыя тут па-сапраўднаму шчаслівыя. Хоць сам я не танцаваў, але атрымаў зарад станоўчых эмоцый. Будзеце ў Пышках у выходныя, заходзьце і атрымлівайце асалоду ад нестарэючых гарадзенцаў.

 


 

Фота Яна Лялевіча