Ольчык Астроўская – пра дзіцячую “Мову Нанова”, натхненне і набалелае

|

Як узнікла ідэя “Мова Нанова Дзецям”?


– У весну 2014, а менавіта тады, калі распачаліся курсы для дарослых. Мы, выкладчыкі, ўбачылі, наколькі расце зацікаўленасць дарослых да вывучэння беларускай мовы. Больш таго, многія наведвальнікі “Мовы Нанова” прыходзілі на заняткі з дзеткамі. Паколькі ўзрост розны, каб кожнага зацікавіць і нікога не пакінуць без увагі, было і вырашана рабіць адзін блок для дзяцей. На той час гэта займала каля 15-20 хвілін.

 

Што адметнага ў занятках для дзяцей ад заняткаў для дарослых?


– Па-першае, асноўныя і галоўныя ўдзельнікі – дзеці. Я не памылілася, калі сказала пра асноўных і галоўных, бо бацькі, або старэйшыя браты і сёстры, таксама прымаюць удзел у навучальным  і выхаваўчым працэсе. Па-другое, заняткі накіраваны на вывучэнне лексікі, а вось граматыкі, як у дарослых, няма. Гэта звязана з тым, што большасць наведвальнікаў ад 2 да 7 гадоў і трэба праводзіць жыва, дынамічна, бо хутка губляецца ўвага. Граматыка, усё ж, для больш старэйшых. Але вусна звяртаю ўвагу на вымаўленне, канчаткі. Па-трэцяе, час заняткаў, безумоўна, не больш за 45 хвілін.

 

А яшчэ – дзеці НАТХНЯЮЦЬ! Гэта штуршок, сілкаванне, зарад!

 

Якія тэмы плануюцца? І ўвогуле пра планы.


– Плануецца, канешне, ахапіць хоць асноўныя тэмы, значэнні, найменні слоў, з якімі дзеці ды й дарослыя сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці, так званым быце: посуд, ежа, жывёлы, расліны, настрой і г.д. А ўвогуле,  можа добра было б разбіцца на падгрупкі, дзе ўлічваліся бы ўзрост і валоданне мовай, бо на заняткі наведваюцца і дзеткі да 11 гадоў. З аднаго боку ім цікава і можна паказаць, наколькі яны хутчэй і спрытней выконваюць заданні, а з другога – хацелася б даваць і больш складаныя заданні для іх. І пра набалелае – памяшканне. Яго так не хапае: вялікага, з мікрафонамі, пляцоўкай для беларускіх гульняў, столікамі для запісу і майстравання.

 

Чытай таксама:

Дзеткі і мова. Вялікі фотарэпартаж з заняткаў “Мова Нанова” для маленькіх


“Бацькі і дзеці”: дзіцячая “Мова нанова” вывучала назвы хатніх і дзікіх жывёлаў