Праз “ямы” і войны да сучаснасці: Алесь Госцеў расказвае пра гісторыю гарадзенскай пошты
Меркаваннем Алеся Госцева, гісторыя пошты на гарадзенскіх землях пачалася ў ХII-ХIII стст., з тых ганцоў, што імчаліся на конях ці пешшу з аднаго мястэчка ў другое, каб перадаць напісаныя на берасце, ці завучаныя на памяць паведамленні.
Аднак першай гарадзенскай ён лічыць пісьмовую згадку пра тое, што Стэфан Баторый усталяваў кошт перасылкі прыватных лістоў незалежна ад адлегласці ў 4 польскіх гроша. Адбылася гэта падзея ў 1583 годзе, а кароль жыў у Гродне пачынаючы ад 1579, таму ёсць вялікая верагоднасць, што загад пісаўся менавіта ў нашым горадзе.
Дакладна існавала тут почта ў XVIII cтагоддзі ў час Пятра І, калі на паштовых шляхах былі заснаваны “ямы”– паселішчы, жыхары каторых, ямшчыкі, павінны былі падтрымліваць добры стан дарог, а таксама мяняць і карміць коней для падарожных.
Важнай персонай у гісторыі гарадзенскай пошты Алесь Госцеў лічыць першага ўпраўляючага паштовай часткай у Гродне губернскага поштмайстра, cтацкага саветнiка Якава Антонавiча Памеранскага (1825-1886). Пасля кіраўніцтва мясцовай поштай ён 10 гадоў быў гарадскім галавой. Але ганаровае месца ў гісторыі Гродна яму забяспечыла не толькі жыццё і служба пошце і гораду. Яго магіла на старых праваслаўных могілках дапамагла гісторыкам уталяваць месца пахавання маці Максіма Багдановіча. Так, гісторыя пошты дапамагае вывучаць гiсторыю i культуру края з не меншым поспехам, чым па iншых, значна больш прызнаных крынiцах, зазначае Алесь Госцеў.
Самым “паштовым” месцам Гродна краязнаўца лічыць частку сучаснай вуліца Ажэшка паміж Тэлеграфнай і Сацыялістычнай (былая Паштовая).
Там Гродзенскае паштовае ведамства з 1843 па 1903 арэндавала былы палац князёў Масальскiх (на той час – прыватны дом Фрумкiна) якi i зараз месцiцца на рагу вулiц Савецкай (тагачасная Саборная) i Ажэшкi (Садовая, пазней – Мураўёўская). У снежнi 1902 г. яно перасялiлася таксама ў дом Фрумкiна па вуліцы Мураўёўскай i было вядома жыхарам ажно да 1919 г. як “Почтово-телеграфная контора”. Сёння ў гэтым будынку месціцца 23-е аддзяленне сувязi.
Як адметнасць гісторыі мясцовай пошты краязнаўца адзначае і тое, што на працягу трохi меней чым ста гадоў на землях Гарадзеншчыны шэсць разоў мянялася дзяржаўнае праўленне i кожная такая змена адбiвалася на дзеяннях пошты. Адным са сведчанняў зменаў улады ў яго калекцыі з’яўляюцца савецкія маркі 1939 года, штэмпеляваныя польскімі пячаткамі: сваіх новая ўлада зрабіць яшчэ не паспела.
Рэліквіямі часоў другой сусветнай вайны з’яўляюцца лісты ў Гродна з канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі Польшчы і савецкія салдацкія “трохкутнікі”.
Цікава, што пад час акупацыі Гродна быў загад немцаў аб змене назвы горада на Гартэн, у памяць аб яшчэ крыжацкіх часах. Аднак тыя намеры не спраўдзіліся. Гашэнні і “жыроўкі” ваеннага часу маюць надпісы “Grodno”, перайменаванне адбылося толькі на паперы.
З цікавостак паваеннага часу Алесь Госцеў зазначае, што на першым беларускім “тэатральным” гашэнні памясцілі менавіта гарадзенскі тэатр.
“Для калекцыянера-філатэліста мае значэнне ўсё, што тычыцца пошты”, – кажа Алесь Госцеў і просіць напісаць пару словаў на ўспамін пра нашу размову на лісце паперы. “Пастаўлю на яго штэмпель памятнага гашэння”, – патлумачыў ён.
Такім чынам, пажаданні ад “Твайго стылю” маюць шанец таксама стаць артэфактам, прысвечаным 141-м угодкам Міжнароднага дня пошты, у паштовай гісторыі Гарадзеншчыны.
Даведка ТС: Алесь Госцеў – адзін з аўтараў кніг ”Кронон. Летопись города на Немане (1116-1990)”, “Королевский город Гродно” і “Гродназнаўства”, стваральнік ліцэйскага музея “Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны 12-21 стст.”, краязнаўца, калекцыянер, філатэліст
Здымкі аўтаркі і з уласнага архіва Алеся Госцева
Чытай таксама: