Выстава “Нашы родныя” пазнаёміць гарадзенцаў з бацькамі ЛГБТ-дзяцей
“Ідэя зрабіць такую выставу нарадзілася 17 год таму, калі я вучылася ў апошніх класах школы, – кажа Анастасія. – Тады я пачала ўсведамляць, што стаўленне да асабістага жыцця, якое прынята ў маёй сям’і, адрозніваецца ад іншых. А яшчэ – што ўяўленні людзей у маёй краіне пра ЛГБТ-супольнасць гэта не праўда”.
Меркаваннем Анастасіі часцей за ўсё людзей з сэксуальных меншасцяў прадстаўляюць “чужымі” ці монстрамі – “геямі ў пер’ях ці дзікімі лесбіянкамі”. Таму жаданне, каб пра людзей з ЛГБТ-супольнасці расказалі родныя, што ведаюць іх простымі і звычайнымі, увасобілася з цягам часу ў гэты праект.
Мастацкім партнёрам Анастасіі і другім аўтарам выставы стаў фатограф Аляксей Салманаў. Знайсці герояў праекта дапамагла арганізацыя “ТОЧКА ОПОРИ”, а таксама ініцыятыва “ТЕРГО”, што аб’ядноўвае бацькоў ды сяброў лесбіянак, геяў, бісэксуальных і трансгендарных асоб.
Героі выставы мелі пяпярэдні досвед “прагаворвання” складаных сітуацый – у бацькоўскім клубе з імі працуе псіхолаг, аднак расказаць свае ўласныя гісторыі пры ўмове, што яны стануць вядомымі многім людзям, было значна было цяжэй. Узяць удзел у праекце пагадзіліся 10 асобаў з розных месцаў Украіны.
“Я ганаруся людзьмі, што наважыліся на такі смелы ўчынак”, – з удзячнасцю кажа Анастасія.
З Аляксеем Салманавым, другім аўтарам выставы, Анастасію аб’ядноўвае мастацкае бачанне сітуацыі: “Мы сходзімся на візуальных метафарах. Ёсць агульнае разуменне, што ўсё ў свеце можна паказаць агульначалавечым. Праз візуальныя вобразы штодзённасці переканаць у нармалёвасці жыцця”.
У гісторыях і здымках аўтары імкнуцца паказаць звычайныя жыццёвыя сітуацыі, расказаць гісторыі, знаёмыя кожнаму. Яны распавядаюць пра любоў і падтрымку, пра здраду і прабачэнне, пра будзёныя сітуацыі.
“Мы хочам расказаць, што нашы мамы могуць ачароўвацца намі ці расчароўваца, піць з намі на кухні гарбату, падтрымліваць у цяжкія хвіліны”, – распавядае Анастасія.
Яна падкрэслівае, што як тэкстава так і візуальна аўтары стараліся адысці ад занадта канкрэтных, фізіялагічных момантаў, імкнуліся да візуальнай абстрактнасці выяваў, каб многія людзі маглі пазнаць сябе ў гэтых гісторыях.
Аўтарка ўзгадала, што больш складанасцей было з візуальным прадстаўленнем герояў, чым з гісторыямі: “Большасць удзельніц праекта жанчыны сталага веку, каля 50-60 гадоў. Яны не лічаць сябе вартымі таго, каб паказвацца многім людзям. Хаця, на мой погляд, яны вельмі прывабныя, а некаторыя – сапраўдныя прыгажуні. Але яны не падабаюцца самі сабе, і цяжка было ўгаварыць іх на здымкі”.
Анастасія расказала, што для яе найлепшым вынікам ад паказаў выставы ў Беларусі было б стварэнне арганізацыі бацькоў, што хацелі б падтрымаць сваіх ЛГБТ- дзяцей.
Найбольшыя хваляванні аўтаркі перад адкрыццём выставы выклікае тое, як візуальны шэраг будзе успрыняты гледачамі:
“Гэта не фэшн-фатаграфія, а ў Беларусі існуюць вельмі высокія стандарты прэзентацыі візуальнай жаночай прыгажосці. Ёсць апасенне, што гледачы могуць не зразумець, чаму здымкі такія “простыя” і не паказваюць жанчын у больш “упрыгожаным” выглядзе.”
Адкрыццё выставы адбудзецца 11 кастрычніка ў 14.00 у антыкавярні “Живое время”, наведаць экспазіцыю можна цягам двух тыдняў да 25 кастрычніка.
Здымкі аўтаркі
Чытай больш:
Дакрануцца да кіно: у Гродна пройдзе квір-кінафестываль “Дотык”