Моладзь выбірае прэзідэнта ў Гродне: “Хочацца выбраць свайго, каб ён адзін кіраваў усё жыццё”

|

Як распавядаюць старшыні выбарчых камісій, гарадзенская моладзь прагаласавала ў асноўным датэрмінова, але і ў дзень выбараў таксама ідзе. Усім тым, хто галасуе ўпершыню, дораць падарункі. У асноўным гэта нататнік і ручка.

 

Таццяна ў гэты дзень прыйшла на участак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.

 

– Я хацела зрабіць свой выбар, вось і прыйшла. Я вырашыла для сябе, што галасую за стабільнасць. Лiчу, што мой першы голас дапаможа майму кандыдату выйграць на выбарах.

На ўчастках пануе святочная атмасфера: у школах можна пабачыць выступленні навучэнцаў, а ва ўніверсітэце сустракаюць выбаршчыкаў цэлымі аркестрамі.

 

Ганна таксама галасуе ўпершыню. На датэрміновыя выбары яна не паспела, бо забыла пашпарт.

 

– Я лічу, што кожны грамадзянін павінен галасаваць. Мой голас за стабільнасць, бяспеку і будучыню.

 

Дзмітрый прыйшоў на выбары з усёй сваёй сям’ёй. Яму 18, і ён ведае за каго аддаць свой голас.

 

– Хочацца выбраць свайго прэзідэнта, каб ён адзін кіраваў усё жыццё. Каб у краіне быў парадак і справядлівасць. Я галасую за таго кандыдата, які адзін робіць і кажа праўду.

 

Моладзь на наведаных намі ўчастках вядзе статыстыку, апытваючы выбарцаў. Па іх дадзеных, з вялікім адрывам лідзіруе адзін з кандыдатаў.


Ёсць і такія грамадзяне, якія ідуць на выбары толькі дзеля буфета. Бо ў дзень галасавання можна купіць піражкі, каўбасу і выпіўку танней, чым у краме.

Як распавялі прадаўцы, у гэты дзень цэны зніжаны на 10-15%, а на некаторыя прадукты і зусім на 20%. Людзям гэта падабаецца і яны бяруць усё, што танней. Некаторыя і зусім адзначаюць Дзень выбараў у буфеце.

Старэйшае пакаленне на выбары ідзе вельмі актыўна i бярэ з сабой маленькіх дзяцей, якім таксама ўручаюць падарункі.