“За Лукашэначку” ці “За Таньку”? Дзень выбараў вачыма пачынаючага назіральніка

|

У бой ідуць адны старыя або Хто галасуе на выбарах?

 

Участак знаходзіцца на другім паверсе. Усе мінусы размяшчэння я зразумела, калі туды хвіліны тры падымалася бабуля з кійком. А сярод галасуючых і інваліды, і старыя людзі, і цяжарныя жанчыны. Да таго ж, няма ні зэдліка ні ўслончыка для тых, хто суправоджвае – цяжарная жанчына прысела на вольнае месца для назіральнікаў, пакуль чакала мужа. Суправоджваючыя таксама падыходзяць да стала з бюлэтэнямі. З-за гэтага цяжка зразумець і разгледзець, хто галасуе, хто не, а значыць назіральніку цяжка падлічыць колькасць выбаршчыкаў.

 

Тых, каму нядаўна споўнілася 18, актыўна клікалі на выбары: і Цэнтрвыбаркам СМС-камі, і чуткамі пра тое, што даюць шакаладку ці нататнік. Магчыма, мне не пашанцавала з раёнам, але маладых людзей да 30-ці я тут налічыла не больш за два дзясяткі. У асноўным ішлі галасаваць пенсіянеры і людзі 35-40 гадоў. Увогуле, гэтае заманванне на першыя выбары падобнае да хітрыкаў маці, калі яна абяцае дзіцёнку шакаладку за нясмачны суп.

 

У пэўны момант залятае жанчына. Яна спрабуе вызначыць, ці ёсць яе сын, які жыве за мяжой, у спісах камісіі. “Сама я ўжо прагаласавала – за Лукашэначку”, – пяшчотна кажа яна.

 

Людзі заходзяць групамі і сем’ямі. Да абеду іх становіцца менш. Раз-пораз узнікаюць нейкія праблемы са спісамі. Мужчына крычыць і падбягае да назіральнікаў: “Каму тут скаргу напісаць?!” З яго эмацыйных выклікаў вынікае, што яго ці то няма ў спісах, ці то за яго ўжо хтосьці распісаўся.

  

Буфет не для вегетарыянцаў

 

Старшыня камісіі сёння ветлівая. Заігрывае з незалежнымі назіральнікамі і настойліва прапануе ўсім схадзіць у буфет. Абяцаем скарыстацца прапановай.

 

У буфеце танная гарбата-кава і абяцаныя 10-працэнтныя зніжкі. Шмат страваў з мяса і тры сталы выпечкі. Праўда мне, вегетарыянцу, тут маглі прапанаваць толькі бутэрброды з памідорам і сырам, фаршаваныя садавінай перцы і выпечку. Фруктаў няма, затое ёсць танныя алкагольныя напоі.

 

Выходжу прагуляцца. Атмасфера выбараў вітае ў паветры. На ўваходзе ва ўчастак выбаршчыкаў сустракае супрацоўнік з аддзелу ідэалогіі Гарадзенскага ўніверсітэта і дзяўчаткі з БРСМ. Апошнія апытваюць галасуючых і выводзяць сваю статыстыку вынікаў выбараў. Паўсюль людзі пытаюць па тэлефонах і ўжывую: “Ну, што? Ну, за каго?”

 

Дзяўчына ў аўтобусе размаўляе па тэлефону: “Ну, што? Прагаласавала? … А як жа грамадзянскі доўг? … Правільна, яны нам таксама шмат чаго павінны”.

  

“За Таньку!”

 

“Са святам!” –  заходзячы, кажуць некаторыя выбаршчыкі. Пра святочную атмасферу сведчыць яшчэ і канцэрт школьнай самадзейнасці, што адбываецца на першым паверсе. Чамусьці іх рэпертуар складаецца з вельмі павольных, старых і маркотных песень. Дзеці старанна выцягваюць ноты і зрываюцца на піск. Канцэрт пачаўся каля 9.30 і скончыўся ў 13.00, саступіўшы месца запісам песень сучасных поп-выканаўцаў.

 

На ўчастку на другім паверсе па тэлевізары круцяць ролік “Беларусь мая сінявокая”. Пад фотападборку маляўнічых пейзажаў “Песняры” спяваюць, што ім не “дакрычацца да Беларусі”. “Песняры” змяняюцца сучаснымі фолк-матывамі. Раптам тэлевізар выключаецца, яго зноў уключаюць, і старшыня камісіі турботліва пытае, ці не перашкаджае ён нам. Пачуўшы, што ўсё ж такі трошкі перашкаджае, яна спрабуе жартаваць: “Так трэба – гэта СВЯТА!”

 

Апошні чалавек заходзіць недзе ў палову восьмай. Мужчына бярэ бюлетэнь і са словамі: “За Таньку!” ідзе ў кабінку для галасавання. У 20.00 звініць доўгі званок і пачынаецца падлік галасоў. Назіральнікаў не пускаюць да стала, мы нічога не бачым. Цікава, што лічбы па датэрміновым галасаванні зараз аднозніваюцца ад папярэдняга пратакола камісіі на два чалавекі. Рэзультат даволі прадказальны: яўка завышана мінімум на 50 чалавек, Лукашэнка ўпэўнена перамагае.

 

Вынікі:

 

Гаўдукевіч – 79

Караткевіч – 46

Лукашэнка – 701

Улаховіч – 13

 

Фота Яна Лялевіча