У гродзенскім дэпо асвяцілі тралейбус, які будзе прапагандаваць адмову ад абортаў

Са словаў прамоўцаў падчас урачыстай імпрэзы, аўтобус мае ездзіць па горадзе наступныя два-тры гады. Дазвол на бясплатную арэнду рэкламных плошчаў на транспарце далі гарадскія ўлады, а грошы непасрэдна на абклейку сабралі актывісты.

Арганізатарамі запуску такога рэкламнага тралейбуса выступілі шэраг структур. Гэта Гродзенскі цэнтр абароны жыцця і сям’і “РадзіМа”, Каардынацыйная рада па пытаннях абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў Гродзенскай епархіі БПЦ і душпастырская служба здароўя пры рыма-каталіцкім касцёле.

“Акцыя скіраваная на тое, каб людзі звярнулі ўвагу на праблему абортаў, – тлумачыць кіраўніца цэнтру “РадзіМа” Марына Валачкова (на фота). – Калі хоць адна мама, адна цяжарная жанчына адмовіцца ад аборту, прачытаўшы на тралейбусе “Мама, у мяне ўжо б’ецца сэрца” – наша місія будзе выкананая!”

На вачах некалькіх дзясяткаў прысутных праваслаўны і каталіцкі святары акрапілі святой вадой тралейбус ды прачыталі малітвы. Праз пару хвілін транспарт ужо адправіўся на вуліцы горада, узяўшы з сабой некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі.

На дадзены момант у горадзе ўжо размешчаныя 15 білбордаў ініцыятывы “РадзіМа”. Са словаў спадарыні Марыны плануецца размясціць яшчэ 30, з якіх шэсць з’явяцца бліжэйшым часам.

 

Фота Вольгі Мілавай