Гурт “Звери” пакрыўдзіўся на Гродзенскую філармонію і адмяніў увесь тур па Беларусі
У межах тура з 16 па 23 кастрычніка гурт “Звери” меў наведаць Віцебск, Магілёў, Гомель, Бабруйск і Мінск, фінальны канцэрт быў запланаваны ў Гродне.
Гурт сцвярджае, што арганізатары праігнаравалі істотныя пункты дамовы:
– уласна падпісанне дамовы
– пакупку чыгуначных і авіябілетаў
– узгадненне маршруту і транспарту
– браніраванне і аплата гатэляў ва ўсіх гарадах
– своечасовая выплата ганарару
– забеспячэнне і своечасовае ўзгадненне тэхнічных райдэраў (гук і свет)
Прэс-аташэ гурта Лера Агапава удакладняе, што дамова мае некалькі дадаткаў, у прыватнасці, па тэхнічным забеспячэнні. Там акурат і адсутнічалі запоўненыя і узгодненыя прапановы.
Канцэрт папулярнага расійскага гурта зрываецца ў Гродне не ўпершыню. Год таму ён таксама не адбыўся быццам бы з-за таго, што гурт і філармонія нечага да канца не ўзгаднілі. Афіцыйна ў філармоніі потым патлумачылі, што быццам бы было прададзена вельмі мала білетаў.
Гурт спадзяецца, што тур па Беларусі пройдзе ўжо ў 2016 годзе, але пры ўмове, што за арганізацыю возьмуцца іншыя арганізатары. “З папярэднімі прамоўтэрамі мы працаваць ні пры якіх абставінах больш не будзем”, – кажуць у прэс-службе гурта.
Па інфармацыі Гродзенскай абласной філармоніі, білеты можна вярнуць у касах, у якіх яны былі набытыя.
Апошнім часам былі адмененыя таксама канцэрты гурта MBand у Брэсце і Магілёве, канцэрт гурта “Сплин” у Брэсце.