Дабрачынны аўкцыён “У Майстра”: каб дапамагчы хворым дзеткам, гарадзенцы раскупілі ўсе карціны

|

– Гэта другі дабрачынны аўкцыён у нашай галерэі, – кажа дырэктарка Анжаліка Купрыянік. – Але першы ў супрацоўніцтве з хоспісам. Мы самі прапанавалі ім дапамогу, а ўжо потым на нашую прапанову адгукнуліся знакамітыя гродзенскія мастакі: Святлана Шоба, Аляксандр Васілевіч, Вылерый Стратовіч і іншыя.

У невялікай зале галерэі “У майстра” было не праціснуцца. Госці чакалі пачатку аукцыёна і разглядалі фотаздымкі, зробленыя знакамітым гродзенскім фатографам Яўгенам Бузуком. На чорна-белых картках – мамы і дзеткі, якія знаходзяцца пад апекай Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Фотавыставу “Быць мамай” паказалі ў нашым горадзе ўпершыню. Прадстаўляючы яе, дырэктарка галерэі вельмі хвалявалася. Партрэты матуль і дзетак атрымаліся вельмі кранальнымі і цёплымі.

– Што б не здарылася, нашыя дзеткі заўсёды застаюцца для нас самымі лепшымі, самымі прыгожымі і разумнымі. Мы дарослыя для іншых – для  калегаў, сяброў, знаёмых, але для мамы – мы заўсёды дзеці. І яны, нашыя мамы, робяць усё, каб нам жылося лягчэй і лепш. А мамы, у якіх вось такія цяжка хворыя дзеткі, яны кожны дзень здзяйсняюць проста нябачны подзвіг, калі так можна сказаць.

 

Дабрачынная акцыя атрымалася вельмі ўтульнай і сяброўскай. Здавалася, што ўсе прысутныя адзін аднаго ведаюць. Калі гэта і было праўдай, то толькі часткова. Бо ўсё ж тут сабраліся зусім розныя, з большага незнаёмыя людзі, але добрая справа хутка ўсіх з’яднала.

 

На першы сэнсарны пакой у Гродне ўжо сабрана 42 мільёны. Гэта 120% ад патрэбнай сумы

 

Гандаль за карціны ішоў вельмі экспрэсіўна і актыўна. У выніку першыя працы вядомых гарадзенскіх мастакоў сышлі за 2 і 2,5 мільёны рублёў літаральна за некалькі хвілін.

Усе прысутныя таксама маглі паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі – грошы, атрыманыя ад яе, таксама пайшлі на патрэбы дзіцячага хоспіса. Тых, хто купіў спецыяльныя квіточкі, чакалі мілыя падарункі, зробленыя хворымі дзеткамі і іх матулямі, а таксама прэзенты ад студыі “Макей”.

 

– За сабраныя сродкі мы набудзем 10 інгалятараў і 10 партатыўных электраадсосаў, без якіх цяжка і невылечна хворыя дзеці, якія знаходзяцца пад апекай Гродзенскага дзіцячага хоспіса, не маюць магчымасць выходзіць з дому, – распавяла дырэктар хоспіса Вольга Шульга.

– Вы задаволены вынікамі аўкцыёна? – пытаю ў дырэктаркі галерэі.

 

– Канешне, усе карціны былі праданыя. Але мы не ставілі нейкіх задач. Вельмі радасна, што людзі прынялі такі актыўны ўдзел у нашай акцыі.

 

Колькі грошай мы “зарабілі” трэба яшчэ лічыць, але гэта даволі значная сума. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто спрычыніўся да  аўкцыёна. Думаю, што і надалей мы будзем рабіць нешта цікавае і з нашымі мастакамі, і з майстрамі. Тым больш, шмат людзей адразу адклікаюцца на нашыя прапановы.

Не стаў выключэннем і рэстаран “Хані-Кабані”, які прапанаваў прысутным пачаставацца рознымі закускамі, а таксама зробленымі ўручную цукеркамі. Дарэчы, Дзмітрый Смятанін, адзін з заснавальнікаў рэстарана, прымаў вельмі актыўны ўдзел у аўкцыёне і нават купіў адну з прадстаўленых карцін.

 


 

Другі этап акцыі пройдзе 17 кастрычніка з 13.00 да 14.30 у Тэатры лялек. Свята “Маміна кухня” адбудзецца адразу пасля спектаклю “Сонейка і снежныя чалавечкі”.

 

У праграме свята: хімічнае шоў і расказ пра сухі лёд, кулінарны падарунак ад кавярні “Веранда”, забаўляльная пляцоўка ад клуба 7FM.GRODNO.BY, майстар-клас па лепцы з сухога цеста ад валанцёраў хоспіса, і выстава “Быць мамай” з фатаграфіямі мамаў і дзетак-выхаванцаў хоспіса.

 

Фота Вольгі Мілавай