“Нёман” у матчы з “Нафтанам” захаваў прапіску ў Вышэйшай Лізе

|

Яшчэ да матчу “Нёман” знаходзіўся на 11 месцы і меў у сваім актыве 22 ачкі. “Гомель”, які ішоў на апошнім месцы, меў 15 ачкоў. У выпадку паражэння каманды Сяргея Саладоўнікава Гродна чакала б вельмі нервовая канцоўка сезону. Але старанні жоўта-зялёных былі апраўданыя і цяпер яны будуць дагульваць апошнiя матчы спакойна.

 

Гульня ў Наваполацку прайшла пад дыктоўку гарадзенцаў і прынесла “Нёману” каштоўныя 3 ачкі.

 

У гульні з “Нафтанам” гарадзенцы гулялі першым нумарам. Гаспадары ўжо разумелі, што да медалёў яны не дабяруцца, але зона вылету ім таксама не свеціць. Каманда Стрыпейкіса ўжо проста дагульвае чэмпіянат. Гульня з “Нёманам” гэта пацвярдзіла.

 

Жоўта-зялёныя адкрылі лік на 36 хвіліне матчу. Пасля падачы з вуглавога першым ля мяча апынуўся Горбач, які здолеў трапіць у вароты “Нафтана”. Але ў самым канцы першага тайма навапалачане параўнялі лік – вызначыўся Жукоўскі.

 

Гол у “распранальню” даў гаспадарам надзею на лепшы вынік. І сапраўды, “Нафтан” другую палову правёў лепш за гасцей. Але пераможны гол усё ж забіў “Нёман”.

 

На 73-й хвіліне матчу Арцём Канцавы ўдала згуляў у час розыгрыша вуглавога і прынёс гарадзенцам жаданыя 3 ачка.

 

 

18 кастрычніка. “Нафтан” – “Нёман”- 1:2

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў (галоўны трэнер “Нёмана”) пахваліў сваю каманду:


– Вельмі рады, вельмі патрэбная перамога. Нам вельмі няпроста даюцца матчы ў Наваполацку з гэтым супернікам. Ужо і не памятаю, калі “Нёман” тут выйграваў. Таму прыемна ўдвая.


Першы тайм атрымаўся: забілі, было шмат момантаў, не хапала толькі другога гола – адзіная наша недапрацоўка. Прапусціць на 45-й хвіліне… Мне здаецца, гэта было несправядліва. Хоць Наваполацк – дасведчаная і класная каманда. Ім паўмоманта дай – рэалізуюць. У другой палове гульня выраўнавалася, але момантаў “Нёман” усё роўна стварыў больш, так што перамаглі заслужана.

 

Дарэчы, да гэтай перамогі над “Нафтанам”, за апошнія 12 сезонаў на стадыёне “Атлант” гарадзенскі “Нёман” набраў усяго 1 ачко.

 

Табліца выглядае наступным чынам:


Астатнія матчы сезона:

 

26 кастрычніка. “Нёман” – “Дынама- Брэст”

31 кастрычніка. “Слуцк – “Нёман”

08 лістапада “Нёман” – “Славія”

 

Фота з архіву ТС (10 тур чэмпіяната Беларусі, “Нёман”- “Нафтан” 3:1)