Іншы бок Савецкай плошчы. Што хаваецца за фасадам дома Мураўёва

|

Будынак у цэнтры Гродна пустуе з 1991 года. Пра зніклыя элементы дэкору ды страчаныя інтэр’еры пісалі не раз. Вядома, што гарадзенцы ніколі не ўбачаць вітражы і каляровыя ліхтары, старадаўнія кафляныя печы з ляпнымі пазалочанымі картушамі, фрэскі і драўляную разьбу на сценах. Не ўздымуцца па старой лесвіцы з каванымі парэнчамі.

Будаўнікі, якіх мы сустрэлі на месцы, расказалі, што домам, у якім планавалася адкрыць гатэль, зацікавіліся кітайскія інвестары. Азіяцкія бізнесоўцы ўжо прыязджалі і аглядалі аб’ект. Папярэдні інвестар, страхавое таварыства “Мега Поліс”, хоча пазбавіцца ад даўгабуда. Раней фірма называлася “Беларускі народны страхавы пенсійны фонд”. У кастрычніку 2014 года Міністэрства фінансаў пазбавіла фірму ліцэнзіі і такім чынам прымусіла прыпыніць дзейнасць. Яшчэ раней кіраўніцтва фонду патрапіла ў карупцыйны скандал, у выніку якога страціла значную частку кліентаў.


Гістарычная даведка: Дом купца Мураўёва пабудавалі ў сярэдзіне 1890-х гадоў у стылі мадэрн. У свой час у будынку размяшчаўся гарадскі савет рабочых дэпутатаў, габрэйскае спартовае таварыства, пякарня Залуцкага і нават фабрыка “Атэлье мод”, пакуль, нарэшце, у студзені 1951 года, дом не ператварыўся ў абласную навуковую бібліятэку.

 

Побач з таямнічым домам стаіць яшчэ адзін стары будынак, якi таксама знаходзіцца ў аварыйным стане. Будаўнікі распавялі, што ў планах яго знос, на гэтым месцы плануецца стаянка.

У гарвыканкаме і аблвыканкаме растлумачыць сітуацыю з будынкамi, у прыватнасці з магчымым продажам кітайцам, нам не змаглі. Упраўленне прыватізацыі гарвыканкама і фонда “Гроднааблмаёмасць” перанакіроўвалі адзін да аднаго і тлумачылі, што гэта не ў іх кампетэнцыі.

 

Чытайце таксама:

 

Да ратавання старадаўніх будынкаў у цэнтры Гродна падключылася пракуратура

 

Дом Мураўёва: фасад адмылі, а інтэр’еры пачакаюць

 

“Рэканструкцыя” дома Мураўёва: пагляд знутры

 

Візітную картку Гродна разбіраюць на кавалкі