“Мой аўтамабіль знік!” Як у Гродне вярнуць машыну з штрафстаянкі

|

Што здарылася?

 

Вашая машына знікла з таго месца, дзе вы яе пакінулі. Вы ўпэўненыя, што пакідалі яе менавіта тут. 

 

 

Каму тэлефанаваць?

 

У выпадку “прапажы” аўтамабіля трэба тэлефанаваць у міліцыю па нумары 102. Калі машыну насамрэч забралі на штрафстаянку, звесткі пра гэта адразу змяшчаюцца ў базу дадзеных, да якой мае доступ дзяжурны міліцыянер. Ён паведаміць, на якую штрафстаянку скіравалі машыну.

 

 

Дзе шукаць?

 

У Гродне ёсць дзве штрафстаянкі. Адна знаходзіцца па вуліцы Курчатава, 1, сюды можна пазваніць па нумары +375 (152) 96-43-29. Другая – на Славінскага, 2б, тэлефон +375 (152) 54-20-62.

 

 

Як даехаць?

 

Трэба ехаць і ратаваць з машыну з “палону”. Тут можа высветліцца, што, прывыкшы перамяшчацца на аўто, вы забыліся, куды ходзіць грамадскі транспарт. Можна выклікаць таксоўку, але грошы хутка спатрэбяцца на “выкуп”.

 

Схема руху аўтобусаў (pdf і складана разабрацца)

 

Схема руху тралейбусаў (jpeg і значна прасцей)

 

Да стаянкі на Курчатава ідуць тралейбусы 9, 10 і 12, а таксама аўтобусы 16,24, 28, 30.

 

Па вуліцы Славінскага ідуць тралейбусы 5, 6, 8, 9, 12 і аўтобусы 1, 2, 16, 23, 36, 37, 38.

 

Важна ў стрэсе не забыцца набыць талончык, каб не нарвацца на яшчэ адзін штраф.

 

 

Колькі плаціць?

 

Наступны крок – аплата нечаканай паслугі. Яна складаецца з трох частак:

 

1. Аплата за стаянку – 15 000 рублёў (за суткі)

 

2. Штраф за няправільную паркоўку – адна базавая велічыня (180 000 рублёў), калі такое парушэнне першае ў бягучым годзе, і дзве базавыя (360 000) за паўторнае  цягам года парушэнне

 

3. Аплата за паслугі эвакуатара – 334 000 рублёў

 

Каб забраць аўтамабіль трэба прыехаць асабіста ўладальніку з пашпартам, пасведчаннем аб рэгістрацыі аўтамабіля (тэхнічны пашпарт, тэхнічны талон) і пасведчаннем кроўцы з талонам. 

Згодна інструкцыі аўтамабіль павінны вярнуць са стаянкі па першаму патрабаванню ўладальніка (калі на машыну не накладзены арышт), незалежна ад аплаты штрафа . Насамрэч, часцей за ўсё настойліва раяць плаціць  адразу. Разлічыцца на месцы можна толькі наяўнымі.

Рахунак за паслугі эвакуатара можна аплаціць праз банк цягам пяці дзён.

 

Абсалютна бясплатна атрымаеце параду “болей не парушайце!”.