Сталы век: праблема ці трыумф чалавецтва? Прадстаўнікі ААН і гарадзенцы сустрэліся за круглым сталом
Зараз доля людзей, старэйшых за 65 гадоў, у нашай краіне складае каля 14%. Па прагнозах на 2050 год такіх людзей будзе ўжо 27%. Такім чынам, беларусы дакладна адпавядаюць азначэнню “нацыі, якая старэе”.
Паводле ААН такую колькасць сталых людзей трэба разглядаць як патэнцыйны рэсурс: фінансава забяспечаныя і здаровыя сталыя людзі могуць практычна прымяняць свае веды і досвед для стымуляцыі эканамочнага росту краіну.
Пра гэта размаўлялі 24 кастрычніка на сустрэчы з нагоды святкавання 70-х угодкаў ААН. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі гэтай арганізацыі, сталыя гарадзенцы, студэнты “Універсітэту Залатога Веку” і супрацоўнікі арганізацый горада, што працуюць са сталымі людзьмі.
Алена Касько, намесніца прадстаўніка ЮНФПА ў Беларусі, у сваім выступе працытавала вядомага дэмографа Франк Ноутстэйна: “Праблема старэння – зусім не праблема, а толькі песімістычны погляд на найвялікшы трыумф чалавецтва”. Яна адзначыла, што ААН трымаецца пазітыўнай палітыкі ў адносінах да сталых людзей.
Адной з мэтаў ААН у адносінах да сталых людзей з’яўляецца забеспячэнне ім годных умоваў жыцця і магчымасці быць актыўна ўключанымі ў вытворчае і сацыяльнае жыцццё краіны, уплываць на дзяржаўную палітыку. Забяспечыць такія магчымасці можа канцэпцыя “горада, прыязнага да сталых людзей”.
Лана Руднік, дырэктарка ўстановы “Студыя карысных кампетэнцый”, кіраўнічка праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, вітае ўдзельнікаў круглага стала. (за мікрафонам). У прэзідыуме – выступоўцы круглага стала (злева на права): Іван Трусіла, намеснік старшыні абласнога Савета ветэранаў, Алена Касько, намеснік прадстаўніка ЮНФПА ў Беларусі, Ганна Станеўская, спецыяліст па герыятрыі, Наталля Шэмет, начальнік аддзела працы і сацыяльнай абароны гарвыканкама Гродна.
Хаця ў Беларусі праводзіцца шмат працы, скіраванай на паляпшэнне жыцця сталых, у нашай краіне пакуль няма гарадоў, што афіцыйна далучыліся да канцэпцыі. Гродна мае шанец быць першым з іх.
Вітаўт Руднік, старшыня грамадскай арганізацыі “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”, у сваім выступе расказваў аб паслядоўнасці дзеянняў, неабходных для далучэння да сеткі гарадоў, прыязных да сталых людзей.
Усе выступоўцы і ўдзельнікі сустрэчы зазначалі, што для выкарыстання патэнцыялу сталых людзей неабходны сумесныя намаганні адміністрацыі, сацыяльных службаў, адукацыйных установаў і грамадскіх арганізацый горада.
Студэнты “Універсітэту Залатога Веку” – актыўныя ўдзельнікі працы круглага стала. Згодна з палітыкай ААН у дачыненні да сталых, яны павінны мець магчымасць уплываць на дзяржаўныя рашэнні, што тычацца іх групы насельніцтва.
Пераважная большасць слухачоў “Універсітэту Залатога Веку” – студэнткі. У Беларусі розніца ў працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі складае каля 11 гадоў. Скарачэнне разрыву – сур’ёзны выклік для Беларусі ў будаванні сацыяльнай палітыкі.
Здымкі аўтаркі
Чытай больш:
Пажылая моладзь: як пенсіянеры запальваюць на танцах і падаўжаюць сабе жыццё
“Гісторыі. 2015”: партрэты сталых гарадзенак дэманструюцца на выставе ў Мінску
Праект “Рэтра-сукенка” альбо жыццё працягваецца ў рэчах
Праект “Універсітэт Залатога Веку: развіццё актыўнасці і самадапамогі сталых жыхароў Гродна” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.