“За фотаздымкамі хаваецца гісторыя сям’і і краіны”. Старыя фота гарадзенцаў паказалі ў Беластоку

Мэта ўдзельнікаў праекта – распавесці гісторыю сваёй сям’і праз прызму старых фатаграфій.

– З дапамогай нашага праекта людзі, якія ў свой час пакінулі Польшчу і Беларусь, змаглі знайсці свае карані, даведацца пра сваякоў і гісторыю іх жыцця. Мы хочам каб наша моладзь больш ведала пра сваю гісторыю. Бо часта маладыя людзі гартаюць старыя альбомы і практычна нічога не ведаюць. А за гэтымі фатаграфіямі хаваецца цэлая гісторыя сям’і і дзяржавы. Вельмі часта здараецца так, што людзі пасля смерці бабуль і дзядуль выкідаюць старыя здымкі на сметнік. Наша задача – захаваць гэта, – распавёў Гжэгаж Дамброўскі, фатограф, рэдактар ​​беластоцкага аддзела “Газеты выборчай”, адзін з экспертаў праекта.

Дар’я Бялькевіч прывезла ў Польшчу гісторыю свайго дзядулі, які ваяваў у Арміі Краёвай.


– Пасля кідання па розных краінах у час вайны, мой дзядуля апынуўся ў Італіі. Я прывезла фатаграфіі для таго, каб больш людзей даведалася гісторыю маёй сям’і. А магчыма, хтосьцi нават пазнае майго дзядулю.

Ангеліна на праекце прадставіла самыя старыя здымкі. З дапамогай іх моладзь змагла ўбачыць фотакарткі пачатку ХХ стагоддзя.


– Гісторыя маёй сям’і ўнікальная. Мая прапрабабуля нарадзілася дзякуючы сваёй маме, якая цаной свайго жыцця дала жыццё дачцы. Бацька ад дзіцяці адмовіўся і выхоўвалася яна пры царкве. Але паколькі ў яе быў вялікі пасаг, яе выдалі замуж хутка. Дзякуючы ёй цяпер і я магу бачыць як жылі і як апраналіся мае далёкія сваякі.

 

“Твой стыль” прыехаў на праект таксама не з пустымі рукамі. У Беластоку мы прадставілі старыя здымкі знойдзеныя ў падвалах дома па вуліцы Антонава. Магчыма, дзякуючы гэтаму праекту мы знойдзем чарговыя зачэпкі ў нашым расследаванні.

У час трохдзённага візіту ў Беласток гарадзенцы змаглі прыняць удзел у майстар-класах па фота, журналістыцы і гісторыі. Усе фатаграфіі і расказаныя гісторыі будуць апублікаваныя ў хуткім часе на сайце albom.pl.

 

Семінары праходзілі ў галерэі Сленьдзіньскіх, дзякуючы падтрымцы яе кіраўніцтва. Праект прафінансаваны Міністэрствам замежных спраў Польшчы.