У Гродне прэзентуюць новую кнігу пра мяжу, якая падзяляла беларускія землі да 1939 года
У кнізе вялікая ўвага надаецца гісторыі Заходняй Беларусі, працэсу стварэння савецкіх абарончых умацаванняў на мяжы з Польшчай пад Мінскам, падзеям уз’яднання заходнебеларускага рэгіёну з БССР у верасні 1939 года, а таксама гераічнай абароне Заслаўя ў чэрвені 1941 года.
– Гарадзенцам гэтая кніга будзе цікавая тым, што ў ёй распавядаецца пра гісторыю Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, а таксама пра ўдзел нашых суайчыннікаў у Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Акрамя таго, варта разумець, што ў 1930-я гады Заслаўе было такім жа памежным горадам, як Гродна сёння, – кажа Ігар Мельнікаў.
У кнізе “Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.” апублікавана больш за 100 унікальных архіўных здымкаў.
Вось некаторыя цікавосткі, пра якія больш можна будзе пачуць на прэзентацыі і прачытаць у кнізе.
Кантрабанда
У міжваеннае дваццацігоддзе Заслаўе па сутнасці выконвала тую ж функцыю, што Брэст і Гродна сёння. Жыхары населеных пунктаў, якія знаходзіліся побач, як маглі карысталіся з жыцця на “мяжы цывілізацый”. Так з’явіліся кантрабандысты з якімі змагаліся як савецкія, так і польскія мытнікі.
Мінскі ўмацаваны раён Чырвонай Арміі
Асобны раздзел кнігі прысвечаны гісторыі аднаго з батальённых раёнаў МіУРа. ДАКі пад Мінскам будаваліся на выпадак вайны з Польшчай, але ў чэрвені 1941 годзе ім прыйшлося супрацьстаяць нямецкім танкам, якія рваліся да сталіцы БССР.
Таксама ў кнізе можна будзе прачытаць пра дзейнасць польскага Корпуса аховы памежжа ды 15-га атрада памежных войскаў НКУС СССР на заслаўскім памежжы.
Прэзентацыя адбудзецца 31 кастрычніка ў Этнакраме “Цудоўня” (Крама Ц, вул. Вялікая Траецкая, 16). Пачатак у 15.00.
На прэзентацыі ўсе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з аўтарам, задаць яму любыя пытанні па гісторыі Заходняй Беларусі, убачыць унікальныя фатаздымкі і дакументы з архіва аўтара і набыць кнігу з аўтарскім аўтографам.