На Савецкай прарвала трубу: цэнтр горада без вады, закрыліся кавярні і крамы

На Савецкай вуліцы падымаюць стары брук, каб ліквідаваць парыў трубы. Без вады засталася вядомая кавярня “Раскоша” і шэраг крам. Жыхары дамоў і супрацоўнікі офісаў вымушаныя браць ваду на вуліцы і карыстацца часовай прыбіральняй.


У панядзелак раніцай на вуліцы Савецкай у раёне дамоў 6 і 3 пад старым брукам адбыўся парыў трубы, у выніку якога перапоўненая вада з каналізацыі пачала выходзіць на вуліцу. У лічаныя хвіліны супрацоўнікі водаканала паспелі папярэдзіць сур’ёзную паводку ў цэнтры горада, своечасова адключыўшы ваду.

Зараз без вады знаходзяцца некалькі дамоў на вуліцы Савецкай. У тым ліку кавярня “Раскоша”.

Калі ж работнікі офісаў могуць абысціся без вады і карыстаюцца прывезенай бочкай, то кавярні прыйшлося закрыцца.

Работнікі водаканала абяцаюць, што да вечара вырашаць праблему. Але мінулы выпадак паказаў, што працы ў цэнтры горада не такія ўжо і лёгкія. Летам адбылася падобная сітуацыя. Тады таксама абяцалі справіцца за некалькі гадзін, але, як паказала практыка, не хапіла нават сутак.