Футбольны манеж і стадыён “Абутнік” у Гродне плануюць здаць летам 2016 года

На двух аб’ектах работы будуць весціся паралельна. Каб усё было эканомна і рацыянальна, пры ўладкаванні манежа будзе здымацца ўрадлівы пласт зямлі, які выкарыстаюць потым на стадыёне “Абутнік”.

 

Пры будаўніцтве манежа спонсарамі выступілі беларуская федэрацыя футбола і абласная інвестыцыйная праграма.

Меркаванае месца будаўніцтва футбольнага манежа ў Пышках. Раней гэтая тэрыторыя належала дзіцячаму летніку “Юныя касманаўты”


– Большасць грамадскасці выказалася за тое, каб манеж пабудавалі ў “Пышках”. Я і сам прыхільнік таго, каб у раёне Каложскай царквы не ўзводзілі вялікіх збудаванняў [пачаткова будаўніцтва планавалася ў Каложскім парку]. Футбольны манеж з’явіцца каля крытай хакейнай пляцоўкі. Поле будзе штучнае, але для таго, каб пакласці гэты газон, трэба спачатку прыбраць 40 сантыметраў урадлівага пласту. Усю зрэзаную зямлю будуць вывозіць на “Абутнік”, там яна ўжо да лета дасць гораду новае футбольнае поле, – адзаначыў старшыня гарвыканкама.

 

Нагадаем, на стадыёне, які знаходзіцца паміж вуліцамі Паповіча і Савецкіх пагранічнікаў, недалёка ад абутковай фабрыкі, доўгі час газон быў абсыпаны апілкамі. Камяні змяшаныя з апілкамі не давалі траве прарасці.

Невырашаным застаецца пытанне футбольнай каробкі на тэрыторыі “Абутніка”. Штодня ў ёй праходзіць па некалькі трэніровак. Перанясуць яе, ці пакінуць на тым жа месцы, пакажа час.

Мечыслаў Гой лічыць, што ў горадзе футбольных палёў павінна быць не менш за 20.


– Горад зацікаўлены ў будаўніцтве футбольных абъектаў. Бо менавіта трэніровачнае поле з’яўляецца адным з галоўных фактараў у фармаванні футбаліста. У нас шмат моладзі і мы хочам даць ёй магчымасць займацца. Улетку два нашыя футбольныя аб’екты ўжо павінны функцыянаваць. Магчыма, паспеем навесці парадак і з распранальнямі, і з прылеглымі трыбунамі на “Абутніку”.

 

Пасля ўзвядзення футбольныя аб’екты пяройдуць ва ўласнасць дзіцяча-юнацкіх школ. Манеж змогуць арэндаваць як прафесіяналы, так і аматары. Школа будзе на гэтым зарабляць грошы. Гэта будзе вялікім плюсам і для асноўнай каманды горада. Узімку “Нёману” ўжо не давядзецца ехаць на дарагія зборы ў Турцыю. Усе ўмовы для падрыхтоўкі да сезону будуць у Гродне.

 

Пра меркаваны футбольны манеж у Гродне размовы вядуцца не першы год. Сярод меркаваных раней месцаў будаўніцтва, акрамя Каложскага парку, была і пляцоўка каля вёскі Солы, і Фолюш, і тэрыторыя былой вайсковай часткі на Пралетарскай.