У конкурсе ідэй для паркавай скульптуры са старога ясеня перамог праект Уладзіміра Качана
Галасаванне праходзіла з 1 па 14 кастрычніка на сайце “Твой стыль” і ў сацыяльных сетках. У апытанні на сайце безумоўным лідарам выявіўся праект мастака Уладзіміра Качана з аленем святога Губерта. Гэтаксама ён лідзіраваў у галасаванні ў ВК.
У дадзены момант аўтар пераможнага праекта удакладняе кошт рэалізацыі праекта і рыхтуе каштарыс для гарвыканкама. “Прадугледжваецца ўдзел мінімум шасці майстроў па металу і дрэву. Будзе шмат працы па кансервацыі, упарадкаванні, электрыфікацыі. Па дзвюх апошніх пазіцыях будуць замаўляцца асобныя праекты. Гэтую частку, праекты і працы, возьмуць на сябе гарадская ЖКГ і Зелянбуд”, – расказвае аўтар праекта Уладзімір Качан. Ён у сваю чаргу будзе дапрацоўваць і дэталізаваць эскізы.
Цягам зімы трэба будзе падрыхтаваць усе элементы праекта (метал і разьба) і ў першыя цёплыя вясновыя дні замантаваць усё на папярэдне падрыхтаваным ясені. Наступны крок – асвятленне, парадкаванне тэрыторыі і іншыя фінішныя працы. “Спадзяюся, што паспеем да Фестывалю нацыянальных культур 2016 года”, – кажа Уладзімір Качан.
“Твой стыль” дзякуе ўсім неабыякавым гарадзенцам, які прынялі ўдзел у галасаванні, а таксама ўсім, хто дапамог распаўсюдзіць інфармацыю пра конкурс. Але перадусім – аўтарам праектаў, якія гатовыя дзяліцца ідэямі, каб наш горад быў яшчэ прыгажэйшым і яшчэ больш прываблівым.