Пасля перамогі “Нёмана” над бабруйскім “Дынама U-20” Голань прапанаваў сустрэчу з заўзятарамі

|

Пасля трох выяздных гульняў, дзе “Нёману” ўдалося зарабіць шэсць ачкоў, чырвона-чорныя вярнуліся ў Гродна. Там іх чакала гульня з адным з аўтсайдэраў цяперашняга першынства бабруйскім “Дынама U-20”.

 

На сем закінутых гаспадарамі шайбаў госці адказалі двума дакладнымі кідкамі.

“Нёман” – “Дынама U-20” – 7: 2 (2:0, 3:2, 2:0)

 

Шайбы закінулі:

1: 0 – Уладзімір Міхайлаў (Ягор Сцяпанаў) 14:51
2: 0 – Сяргей Багалейша (большасць) (Ілья Казнадей, Мілан Мікулік) 17:24
3: 0 – Вячаслаў Лісічкін (Андрэй Коршунаў, Павел Баярчук) 20:18
4: 0 – Павел Баярчук (Вячаслаў Лісічкін) 27:20
5: 0 – Арцём Мянцюк (меншасць) (Андрэй Коршунаў, Ягор Ягораў) 29:45
5: 1 – Рыгор Верам’ёў (Аляксандр Таболін) 31:16
5: 2 – Руслан Васільчук (Даніла Карабанаў, Мацвей Бажко) 32:07
6: 2 – Ягор Сцяпанаў (Сяргей Якімовіч, Сяргей Капылец) 45:59
7: 2 – Канстанцін Ластавецкі (Уладзімір Міхайлаў, Ягор Сцяпанаў) 52:34

Пасля перамогі над “Дынама” галоўны трэнер гарадзенцаў Мілаш Голань заявіў, што задаволены гульнёй сваёй каманды і чакае сустрэчы з заўзятарамі:

 

– Хачу падзякаваць хлопцам за гульню. Выйшлі на яе вельмі выдатна, гулялі ў чатыры пяцёркі і кантралявалі гульню ад пачатку і да канца. Былі тры-чатыры хвіліны, калі мы прапусцілі два галы. Наша малая канцэнтрацыя дала суперніку выдатна згуляць на пятаку. Адзінае, чым я не задаволены – гэта шмат выдаленняў і гульня ў большасці. Мы забілі толькі адну шайбу ў большасці, а гульцы, якія трэніруюцца кожны дзень, павінны яшчэ адну-дзве шайбы закідваць у лікавай перавазе. Я б не сказаў, што гулялі вельмі дрэнна, але ў такіх момантах трэба забіваць.


Яшчэ хачу падзякаваць нашым заўзятарам за падтрымку. На маю думку, не перашкодзіла б сустрэцца. Зараз будзе вялікая паўза і я, як галоўны трэнер, заўсёды сустракаўся з заўзятарамі. Кожнае меркаванне для мяне вельмі важнае і буду вельмі рады, калі гэтая сустрэча адбудзецца. З нецярпеннем буду чакаць яе – мае дзверы заўсёды адчыненыя. Спадзяюся, мы сустрэнемся і пагаворым.

 

Добрая навіна для Гродна з’явілася яшчэ да матчу з “Дынама”: тры гульцы “Нёмана” – Максім Саманькоў, Ілля Казнадзей і Павел Баярчук – выкліканыя ў нацыянальную зборную Беларусі.

 

Вучэбна-трэніровачны збор пройдзе з 2 па 4 лістапада 2015 г. Пасля некалькіх трэніровачных дзён у Мінску каманда адправіцца ў Ліепаю (Латвія) на турнір EuroIceHockeyChallenge, дзе 5-7 лістапада правядзе сустрэчы са зборнымі Латвіі, Італіі і Японіі.

 

Пасля перамогі над бабруйскай камандай, гарадзенцы працягваюць дзяліць 3 і 4 радок у турнірнай табліцы з хакейным клубам “Гомель”. У дзвюх дружын па 36 ачкоў.

 

У суботу, 31 кастрычніка, “Нёман” правядзе гульню ў Гродне, дзе будзе прымаць ХК “Магілёў”. Пачатак матчу ў 13.00.