Усё спазнаецца ў параўнанні

|

Найперш гэты тычыцца дарагавізны жыцця. Паколькі па СССР я сумую па адзінай прычыне – узнікненню мяжы з Літвой і немагчымасцю боўтацца праз дзень у мае каханыя Друскенікі на кубачак кавы, я вырашыла сесці і падлічыць, наколькі ж «горш» мы жывем. Слова «горш» я наўмысна бяру ў двукоссі, таму што паняцце гэта адноснае. Калі ацэньваць сістэмы (савецкая і цяперашняя ў РБ), то тут выдатна падыходзіць прыказка: што ў лоб, што па лбе. Перайду да праблем бытавых.

 

Успомніць савецкія кошты, напрыклад, 81-85 гадоў не так складана. Такое, як гаворыцца, не забываецца, ды і змяняліся яны не часта. Як раз у гэтыя часы я вучылася ва ўніверсітэце і даволі часта пісала розныя нататкі ў аддзел «сацыяльных праблемаў» адной мясцовай газеты. Падняла архіў і вось вам кошты: малако – 30 кап. за літр, хлеб каштаваў 16 капеек, праезд у транспарце 4 капейкі (потым, праўда, кошт павысіўся да 5). Тэлевізар – 250 рублёў. І г.д.

 

Успомнім таксама сярэдні заробак, ён складаў прыкладна 200 рублёў. Усе гэтыя «сярэднія» лічбы таксама даволі ўмоўныя. Як, зрэшты, і зараз. Напрыклад, медсястры плацілі 90 рублёў, мой журналісцкі заробак з ганарарамі складаў 180-200, а мой тата-афіцэр атрымоўваў 360. Пенсія ў 120 рублёў лічылася «вышэйшым пілатажам».

 

На сення сярэдні заробак складае 855000 рублёў. Я не веру ні ў якія «афіцыйныя» 500 даляраў. Гэта ўсе дзяржаўнае статыстычнае глупства. Я узяла сем прадстаўнікоў розных прафесій (навуковы супрацоўнік, урач, настаўнік, будаўнік, сельгаспрацаўнік і г.д.) і метадам няхітрых маніпуляцый атрымала паказаную вышэй лічбу. Затым параўнала кошты на тавары і прывяла ўсё да адзінага эквіваленту. Гэта значыць, колькі той або іншы тавар складае адсоткаў ад заробку. Вось што ў мяне атрымалася:

Найменне тавару                            У СССР (% ад заробку)       Зараз (% ад заробку)

Хлеб (1кг)                                              0,08                            0,21

Малако (1л)                                            0,15                            0,14

Мяса (1 кг)                                             1,75                             1,76

Масла сметанковае (1 кг)                         1,76                            1,76

Гарэлка                                                  1,8                              1,17

Праезд у гр. транспарце                           0,02                            0,07

Камунальныя паслугі

(квартплата за 2 пакоі)                            5                                17,5

Боты дамскія                                            60                               66,7

Кухонны гарнітур                                     550                             290

Тэлевізар каляровы                                  125                             40,9

 

Сапраўды цікавая карціна атрымліваецца? Пры гэтым пазіцыя «боты» мной узятая не ад доўбні. Сама памятаю як за шалёныя грошы – 120 рублёў, выстаяўшы ў чарзе гадзін пяць, я прымчалася дамоў з выдатнай італьянскай абноўкай. Зараз за гэтым дабром чэргаў няма, купляй колькі жадаеш. І коштавыя разбежкі велізарныя. Няма ў цябе вольных 200 баксаў на фірмовы абутак, бяры за паўкошту сціплыя. Кухню я таксама мела наўвазе пэўную: быў тады такі гарнітур «Вязынка». Як за ім народ ганяўся! У чэргах па 5-6 гадоў стаялі…  

 

Дарэчы, аб чэргах. Неяк пазабылася старэйшае пакаленне аб тым, што ўсе гэтыя «мяса, алей, малако» мы не куплялі. Мы ўсё гэтае даставалі! Выстойвалі ў чэргах, на гарэлку даваліся талоны, бутэлька малака абавязкова мянялася (!) на пустую бутэльку з-пад малака! Плюс грошы, вядома. Жанчыны штодня праводзілі ў чэргах па 2-3 гадзіны і стагналі: хай будзе даражэй, але хай усё будзе!

 

Жыць ніколі не было лёгка. Проста жыццё можа быць якасным і не вельмі. Па мне так якаснае жыццё, гэта магчымасць выбару: што есці, з кім сябраваць, аб чым думаць і што гаварыць. Магчымасць выбіраць сабе мэраў і губернатараў, хадзіць з плакатамі, дзе жадаю і вывешваць на балконе сцягі, якія мне падабаюцца…

 

Я не разгледзела яшчэ адну пазіцыю: жыллёвае пытанне. Першы ўнёсак за маю кааператыўную кватэру складаў 17,5 сярэдніх заробкаў (3500 савецкіх рублёў). Сёння гэты ўнёсак за эквівалентнае жыллё складае 19 сярэдніх заробкаў. Невялікая розніца. Іншая справа – «карупцыйныя» катэджы на ўскрайках гораду. У савецкі час партыя таксама сябе не крыўдзіла. Але, паверце, карэктнасці было больш, а нахабства – менш. Аднак праблема не ў тым, што мы жывем не горш, чым тады, хочацца сказаць мне гаманкім бабулькам. Праблема ў тым, што мы жывем не лепш…