Беларусь – раздолле для банкаўскіх картак. Меркаванне заходнееўрапейца

|

У Еўропе для картак ёсць мінімальны плацёж

 

У Люксембургу i Францыі я прызвычаіўся да таго, што многія крамы не прымаюць Visa або Mastercard, а нават калі і прымаюць, то вам давядзецца набыць нешта не менш чым на 5 або 10 еўра. Таму купляць дробныя рэчы з пластыкавай карткай немагчыма.

 

У Нямеччыне многія крамы наогул не прымаюць карты, або вам трэба дамаўляцца з менеджарам. Прычына гэтага даволі простая: зборы, якія Mastercard і Visa патрабуюць ва ўладальнікаў крамаў, настолькі высокія (часта больш за 2%), што ўладальнікі губляюць грошы, калі дазваляюць разлічвацца карткай. Напрыклад, прадаўцы сказалі мне, што купіць зарадку для мабільнага тэлефона за 10 еўра па картцы немагчыма, бо іх прыбытак тады будзе роўны нулю. Таму я і не чакаў, што буду мець магчымасць штодзённа плацiць карткай у Беларусі.

 

Аднак у Беларусі я яшчэ не знайшоў крамы, якая б не прымала карткі за ЛЮБУЮ колькасць грошай, якую вы пажадаеце. Сёння я пайшоў у краму з мэтай купіць толькі хлеба ды малака. Я забыўся, што ў мяне не было наяўных. Разам гэтыя рэчы каштавалі толькі 0,8 еўра, гэтая сума была б занадта маленькай, каб разлічыцца карткай у большасці крамаў у Люксембургу. Аднак тут ніхто нават не паскардзіўся.

 

У Беларусі зніжкі даюць толькі багатым?

 

Я не ўяўляю, як уладальнікі крамаў не церпяць стратаў. Магчыма, гэта робіцца шляхам маніпуляцый зніжкамі і коштамі ў цэлым. У Нямеччыне вы атрымліваеце купоны на зніжку амаль увесь час, тут я іх ніколі не атрымліваў. На самой справе, першы я ўбачыў толькі восем месяцаў пасля прыбыцця сюды. Я атрымаў яго, калі патраціў вялікую суму грошай, а менавіта 800.000 BYR (каля 40 еўра) у краме. Гэта складае прыкладна чвэрць сярэдняга штомесячнага даходу. Можа быць, менавіта таму я атрымаў дысконтную карту рэстарана і купон на пакупку ежы па таннейшых коштах.

 

Гэта ўражанне ўзмацнілася, калі я убачыў, што людзі ў чарзе (і нават я ў іншы час у гэтай краме) са значна меншай колькасцю тавараў не атрымалі гэтай зніжкі. Такая выбарнасць у прадстаўленні зніжкі здаецца менш справядлівай, чым у Заходняй Еўропе. Магчыма, толькі тыя, хто траціць шмат грошай, атрымліваюць купоны на зніжкі. У Заходняй Еўропе купоны на зніжкі даюць усім, а з колькасцю тавараў зніжка павялічваецца.

 

Беларускія банкаматы крутыя – выдаюць нават долары

 

Іншая рэч, якая мяне зацікавіла, – гэта зняццё грошай у банкаматах. Ва Украіне (і часткова ў  Польшчы, Чэхіі і нават Швейцарыі) банкаматы часта спрабуюць падмануць вас. Яны прапануюць зрабіць абмен валюты без падаткаў банка. Аднак яны выкарыстоўваюць вельмі дрэнны курс абмену валют, пры якім вы губляеце 2-10%  сумы, якую вы здымаеце. У Беларусі складана знайсці банкамат, які прапаноўвае такі “добры” сервіс.

 

Акрамя таго, вы можаце зняць нават долары або еўра ў банкаматах зусім без падатку. Таксама, акрамя таго што я ўпершыню ўбачыў долар толькі ва Усходняй Еўропе, я ўбачыў банкамат, які выдае замежную валюту ў Еўропе. Толькі ў Швейцарыі некаторыя выдаюць еўра, але ж выключна для кліентаў швейцарскага  банку. Там, нягледзячы на тое, што мая картка была з ЕС, банкамат адмаўляў мне ў выдачы еўра, я мог атрымаць толькі швейцарскія франкі, таму быў вымушаны аплаціць абмен валют.

 

Такім чынам, беларускія банкаматы шчырэйшыя за еўрапейскія,  таксама амаль усе яны прымаюць крэдытныя карткі. Толькі мая новая картка не прымаецца ні ў адным, бо яна выкарыстоўвае новую тэхналогію. Дарэчы, упершыню я сустрэў Visa PayWave (бесправадная аплата без ПІН-кода або подпісу) менавіта ў беларускай краме, у той час як я страціў шмат часу, шукаючы гэтую сістэму ў Заходняй Еўропе.


Пераклад на беларускую Марыя Капытка

Арыгінал па-англійску ў блогу Рона

 

Чытайце таксама:


Беларусь – бедная краіна? Хутчэй, вынаходлівая


Ці Беларусь больш фемінісцкая за краіны Захаду?


Жабракі ў Заходняй Еўропе і Беларусі: колькі з іх патрабуе дапамогі, а колькі проста падманвае?


Заходняя і Паўднёвая Еўропа – рай на зямлі?