Лядовае пабоішча: Хакеісты “Ліды” узялі бабруйскіх “зуброў” за рогі

|

На дваіх каманды зарабілі 55 выдаленняў (гаспадары – 23, госці – 32) і 371 хвіліну штрафнога часу (144 і 227).

Страсці пачалі напальвацца яшчэ ў канцы першай трэці, калі “Ліда” ужо практычна зрабіла вынік. За атаку ў вобласць галавы і шыі Таболін атрымаў дысцыплінарны штраф. На грубасць з боку суперніка “рыцары” адказалі яшчэ адной закінутай шайбай. У другім перыядзе такім жа фолам адзначыўся ўжо гулец “Ліды” Захараў, але да бойкі справа не дайшла, піша “Лідская газета”.

 

На старце заключнай дваццаціхвілінкі форвард бабруйскай каманды Маркевіч не ў гульнявой сітуацыі штурхнуў галкіпера “Ліды”. У хакеі ўстаць на абарону брамніка – справа гонару, і каму як не капітану “рыцараў” было загадана павучыць жыццю маладога апанента. Завязалася першая сутычка.

 

З таго моманту бойкі ўзнікалі практычна праз кожную змену. У выніку ўсё вылілася ў 371 хвіліну штрафу, дзевяць хакеістаў былі выдалены да канца гульні. 

У трэцім перыядзе адбылося пяць боек, дзве самыя масавыя з іх – на 19-й хвіліне з інтэрвалам у шэсць секунд. Матч завяршыўся перамогай “Ліды” – 7: 3, перадае БелаПАН.