Гарадзенец прапануе запусціць у горадзе рэтра-аўтобус, які дапаможа “патрапіць у мінулае”
“Некалькі год па вуліцах Гродна курсіруе адрэстаўраваны рэтра-тралейбус ЗИУ-682. І гэта вельмі файна, бо болей такіх у горадзе над Нёманам не засталося. Ён – частка гарадзенскай гісторыі савецкай эпохі. Кожны жадаючы на ім можа здейсніць невялікае падарожжа ў мінулае, сваё дзяцінства. А колькі іх было яшчэ год 10-15 таму!
Як і Ікарусаў, дарэчы. Сёння гэты аўтобус увогуле рэдкі госць на вуліцах Гродна, бо на гарадскіх маршрутах іх няма гады чатыры ўжо дакладна. А было б вельмі добра, каб хоць адзін адрэстаўраваць, і хай перавозіў бы пасажыраў. Рэтра-Ikarus-260 🙂 Я паразважаў над яго мажлівым аздабленнем – гістарычным дызайнам, які прысвечаны выбітным асобам з гісторыі горада. Гэта толькі ўзор, тэма дыскусійная, канечне”, – напісаў гарадзенец на сваёй старонцы ў Фэйсбук, дзе выклаў эскізы рэтра-аўтобуса.
align=”” alt=”Аляксандр Перагудаў рэтра-аўтобус” width=”725″ height=”408″ >
Па словах аўтара, праект дазволіць нагадаць гараджанам пра выбітных постацей з нашай гісторыі, зрабіць яшчэ адзін дадатковы турыстычны элемент інфраструктуры нашага горада, яшчэ адну “цікавостку” для турыстаў.
“Гэта папулярызацыя нашай культуры і мовы сучаснымі сродкамі. Ды і гэта проста прыгожа. Нават калі праект з рэтра-аўтобусам цяжка рэалізаваць, было б файна выканаць такое знешняе аздабленне для шэрага сучасных гарадскіх аўтобусаў, напрыклад, МАЗ. Трэба пра гэта ў кіраўніцтва аўтапарка запытацца, як яны да гэтага ставяцца”, – адзначыў Аляксандр Перагудаў у размове з “Тваім стылем”.
Гарадзенец прапаноўвае такі аўтобус аздобіць знутры рэтраздымкамі, як гэта зроблена ў гарадскіх тралейбусах.
“Размовы пра адкрыццё першых рэгулярных аўтобусных маршрутаў у Гродне ішлі ў лістападзе 1929 года, 86 гадоў таму, багата гісторыі пра гэта ёсць ужо. А адчыніліся ў студзені 1930-га, калі не памыляюся.
Увогуле, такі маленькі праект – гэта яшчэ адна з ініцыятыў ад шэраговых грамадзян аб добраўпарадкаванні горада, як і графіці на Замкавай гары, скульптура са старога ясеня. Гэта проста ідэя, як зрабіць наш горад лепш, тым больш што апошнім часам кантакты паміж гарадскімі ўладамі і грамадзянамі актывізаваліся, праекты знаходзяць падтрымку. А рэалізацыя праекта рэтра-аўтобуса можа быць выдатным працягам узаемаздеяння мясцовых улад і грамадскасці”, – падкрэсліў Аляксандр Перагудаў.
Раней “Твой стыль” пісаў і пра іншыя праекты гарадзенца: напрыклад, ён аб’яднаў сённяшнія вуліцы горада з фота часоў вайны, фантазіраваў, як бы выглядалі дзеячы беларускай гісторыі, калі б жылі ў XXI стагоддзі, а таксама ў свой час прапаноўваў альтэрнатыўныя лагатыпы культурнай сталіцы.