У цэнтры Гродна ў адмыслова збудаваным катэджы адкрываецца дзіцячы дом сямейнага тыпу

Катэдж плошчай 311 кв.м. на вуліцы Валковіча пачалі ўзводзіць у сярэдзіне жніўня. Будаўніцтва фінансавалася са сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Зараз дом ужо практычна гатовы да здачы, засталося завесці мэблю.

 

Галава сям’і Сяргей мае адукацыю настаўніка фізкультуры, жонка займаецца бізнесам. Зараз у іх дзве дачкі: адна родная і адна прыёмная. Сям’е прапанавалі ўзяць яшчэ дзяцей і асвоіць першы ў Гродне асобны дом сямейнага тыпу ў канцы вясны. Раней у горадзе ўжо адкрыліся два падобныя дамы, але яны размяшчаюцца не ў асобным будыку, а ў двухпавярховых кватэрах шматпавярховікаў. Агулам у іх выхоўваюцца 18 дзяцей.

Сяргей, глава сямейства


Сям’я доўга думала над прапановай, у выніку пагадзіліся. Дзяржава паабяцала дапамагаць. “Паглядзім, як будзе ўсё на самай справе”, – кажа Сяргей. Яны з жонкай ужо наведалі дзіцячы дом і выбралі дзяцей. Асноўны ўзрост ад 6 да 10 гадоў. Праект дома распрацоўваўся без удзелу будучых апекуноў, і сёння Сяргей лічыць, што ў будучыні варта было б пабудаваць на тэрыторыі яшчэ і лазню. “Наш дом пабудавалі ў рэкордныя тэрміны, цяпер галоўнае, каб ён праслужыў доўга”, – кажа будучы апякун.

 

У першыя дні заселяцца толькі бацькі з дачкамі. Праз некаторы час возьмуць яшчэ трох хлопчыкаў, а потым яшчэ трох. Дарэчы, родная дачка Сяргея – чэмпіёнка Беларусі па гандболе. У будучыні ўсіх астатніх дзяцей ён таксама плануе аддаць у спорт. Вядома, калі яны не будуць супраць.

 

На першым паверсе дома знаходзяцца гасціная, кухня са сталовай, дзіцячыя пакоі і санвузлы. Тры спальні для дзяцей і пакой для бацькоў размешчаны на другім паверсе.

У падвале катэджа ёсць яшчэ памяшканне, дзе ў будучыні можна размясціць трэнажорную залу. Каля дома ёсць прасторны гараж і пляцоўка, як для агарода, так і для заняткаў спортам.