Студэнтка-дызайнерка з Гродна стварыла яскравую кнігу пра страчаную спадчыну горада

Выдатна ілюстраваная кніга пра страчаныя архітэктурныя помнікі Гродна яшчэ летам з’явілася ў электроннай форме ў інтэрнэце. Але толькі зараз на густоўнае і вельмі эстэтычнае выданне звярнулі ўвагу і пачалі публікаваць у сацыяльных сетках.

 

 

 

Уся праца – ідэя, ілюстрацыі, дызайн і вёрстка – належаць студэнтцы ЕГУ, гарадзенцы Вікторыі Андруковіч. Дзяўчына вучыцца на праграме “Медыя і візуальны дызайн”, у мінулым годзе яна пачала працаваць над першай курсавой і тэму выбірала цалкам самастойна.

 

“Для сябе я вырашыла, што хачу, каб мой праект быў не проста студэнцкай працай, а меў вартасць для людзей і для мяне асабіста. Каб гэта быў праект, у які я б уклала часцінку сябе і здольная была падзяліцца ёю з навакольнымі”, – тлумачыць Вікторыя.

 

У сваёй працы дзяўчына вырашыла закрануць праблему страты архітэктурнай спадчыны Гродна, актуальную ў святле частых разбурэнняў, перабудоў і рэканструкцый старадаўніх будынкаў. “Для мяне мяне важны лёс майго роднага горада і ўсё, што з ім адбываецца”, – кажа яна.

 

Таму выданне прысвечана будынкам, якіх у горадзе ўжо няма. Адныя зніклі яшчэ ў сівую даўніну, іншыя – усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму. Адныя не перажылі знішчальных войнаў, іншыя разбурылі цемрашалы ў мірны час.

 


 

“Безумоўна, кніга, якую я зрабіла, не вырашыць праблему, але важна, каб на яе, прынамсі, звярнулі ўвагу. У асаблівасці самі гарадзенцы. Як гэтага дасягнуць? Найлепшы варыянт – гэта нагадаць людзям пра тое, як выглядаў горад раней, якія неверагодныя “архітэктурныя цуды” ён ужо страціў”, – кажа студэнтка.

 

Сярод згаданых у кнізе будынкаў – стары чыгуначны вакзал, Фара Вітаўта, Ніжняя царква, палац Радзівілаў, ратуша ды іншыя страчаныя пабудовы.

 

Існуе не толькі электронны, але і друкаваны варыянт кнігі. Праўда, пакуль толькі ў некалькіх асобніках – аўтарка друкавала іх за свае грошы.

 

Акрамя кнігі аўтарка стварыла і мапу страчаных будынкаў Гродна. На ёй “спаленым” пазначаныя кварталы, што былі знішчаныя ў часе другой сусветнай вайны, чырвоным – знесеныя ў савецкі час, а чорным – тыя, што захаваліся да сёння.

 

Націсніце на малюнак, каб пабачыць мапу цалкам (асцярожна, 5 Mb)

align=”” alt=”Страчаная спадчына. Гародня. Вікторыя Андруковіч” width=”500″ height=”483″ >