Хакейны “Нёман” шукае нападаючага праз… біржу працы

|

Вакансію нападаючага апублікавалі на сайтах па працаўладкаванні 3 лістапада. Менавіта ў той дзень з’явілася інфармацыя, што Гродна пакінуў чарговы легіянер Мілан Мікулік. Двума днямі раней галоўны трэнер гарадзенскай каманды Мілаш Голань на сустрэчы з заўзятарамі распавёў, што “Нёман” шукае добрага нападаючага і ў бліжэйшы час прыкладзе ўсе намаганні, каб знайсці гэтага гульца.

 

Як патлумачыў чалавек набліжаны да “Нёмана”, каб падпісаць гульца, першапачаткова трэба заявіць вакансію на біржу працы. Пасля таго, як вакансія з’явілася, гульца можна падпісваць.

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” патэлефанаў у клуб. Высветлілася, што рэальна “Нёман” яшчэ ніколі не падпісваў спартсменаў з сайтаў па працаўладкаванню. Па тэлефоне, пазначаным у аб’яве, паведамілі, што клуб шукае прафесіянала, які павінен будзе прайсці пільны прагляд. Чалавеку, які прадставіўся хакеістам Кунцэвічам з маскоўскіх “Хімак”, жанчына на іншым канцы дрота адразу ж сказала, што клуб не зацікаўлены ў такім гульцы.

 

З розных крыніц з’яўляецца інфармацыя, што клуб ужо знайшоў сабе добрага нападаючага, застаецца толькі аформіць паперы. Новым форвардам “Нёмана” можа стаць былы гулец жлобінскага “Металурга” Сяргей Грыбанаў, грамадзянін Расіі, або знаёмы гарадзенцам чэх Яраслаў Крыстэк.

 

На фота: хакеіст Бобі Кларк. Фота для прыцягнення ўвагі