“Кубак Вітаўта” паехаў у Віцебск, гарадзенскія “Варвары” другія

|

Нягледзячы на паражэнне, галоўны трэнер гарадзенскай каманды Аляксей Серабракоў лічыць, што яго хлопцы ў гульні з “Рысямі” паказалi лепшы матч сезону.


– Гульня атрымалася вельмі добрая. Паражэнне вазьму на сябе, бо не ўсачыў ў канцы за часам і зацягваў розыгрышы. Уся віна за гэта ляжыць на мне і, карыстаючыся выпадкам, прашу прабачэння ў сваіх хлопцаў. Што тычыцца другога месца, то ў амерыканскім футболе няма такога, ёсць пераможцы і тыя хто прайграў. У матчы з “Рысямi” мы прайгралі, хоць i гульнёй каманды я вельмі задаволены.


Матч атрымаўся сапраўды баявы. Лік адкрылі футбалісты з Віцебска. Перад вялікім перапынкам “Варварам” атрымалася крыху скараціць адставанне. У трэцяй чвэрці супернікі абмяняліся тачдаўнамi. На заключны адрэзак матчу каманды пайшлі пры ліку 18:10. Розніца ў адно валоданне захавалася і пасля – гульцы “Рысяў” і “Варвараў” зноў па разу апынуліся ў чужой заліковай зоне.

 

Выніковы лік – 24:16 на карысць “Рысяў”.

 

Трэцяе месца паміж сабой разыгралі “Ліцвіны” і “Язычнікі”. Перамога засталася за дасведчанай мінскай камандай – 48:0.

 

Зараз у “Варвараў” надыходзіць міжсезонне. Планы на будучы сезон у іх яшчэ ў распрацоўцы. Але гульцы з упэўненасцю кажуць, што ў наступным годзе Гродна ўбачыць амерыканскі футбол.