Прайшоў апошні матч чэмпіянату – “Нёман” восьмы

|

У апошнім матчы чэмпіянату, які праходзіў у Гродне, “Нёман” упэўнена абыграў мазырскую “Славію” і забяспечыў сабе восьмае месца ў турнірнай табліцы.


Гульню паміж супернікамі можна было назваць таварыскай, бо яшчэ загадзя каманды забяспечылі сабе месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон. Але, нягледзячы на гэта, жоўта-зялёныя хацелі парадаваць сваіх нешматлікіх заўзятараў, якія прыйшлі падтрымаць каманду ў дрэннае восеньскае надвор’е.

 

Вастрыні ў гульню дадаў дождж, які на працягу матчу не спыняўся. Першы гол гледачы ўбачылі на 26 хвіліне: Лісіца вывеў адзін на адзін Канцавога, які рэалізаваў свой шанец. На апошніх хвілінах першага тайма госці ўсё ж здолелі зраўняць лік пасля памылкі Курганскага.

Сяргей Саладоўнікаў і Юрый Пунтус ўвесь матч прастаялі каля броўкі поля

 

Арцёма Канцавога вiншуюць з забітым мячом

 

У атацы Ігар Лісіца

 

Другі тайм каманды пачалі актыўна. На 56 хвіліне Саладоўнікаў выпускае Бебе і Журневiча, якія дадаюць актыўнасці ў дзеяннях “Нёмана”. На 69 хвіліне Канцавы закідам у штрафную знаходзіць Савіцкага, які эфектна паражае вароты “Славіі”. А яшчэ праз 10 хвілін усё той жа Савіцкі выводзіць Бебе на ўдарную пазіцыю, афрыканец свайго шанцу не выпускае і робіць лік 3:1, які ў выніку і становіцца фінальным.

Святкаванне гола Паўла Савіцкага

 

“Нёман” заслужана абыграў суперніка і на мажорнай ноце заканчвае чэмпіянат. Але сам футбольны сезон яшчэ не сканчаецца, гарадзенцаў чакаюць два кубкавыя матчы.

“Нёман” не выканаў задачу ў чэмпіянаце, не прыцягнуў заўзятара на трыбуны i не ўвайшоў у шасцёрку, але пра гэта мы распавядзем пазней. Турнірная табліца выглядае наступным чынам:

 

Кубкавыя матчы супраць мінскага “Дынама” пройдуць 21 і 29 лістапада. Першую гульню гарадзенская каманда правядзе на выездзе.