Былая Медыцынская акадэмія чакае інвестара або актыўных гараджан. Фотарэпартаж з закінутага палаца ў самым цэнтры Гродна

З 1 ліпеня 2014 года ў Беларусі ліквідавалі ваенныя пракуратуры і суды. У Гродне яны размяшчаліся на вуліцы Ажэшкі ў будынку былой Медыцынскай акадэміі. Сюды яны заехалі яшчэ ў першыя пасляваенныя гады.

У 2015 годзе будынак канца XVIII стагоддзя перайшоў ва ўласнасць горада. Былы палац патрапіў на баланс УЖРЭП Ленінскага раёна, які і сёння даглядае помнік архітэктуры. Улетку супрацоўнікі ЖЭС-1 вывезлі з будынка тры грузавікі рознага смецця – макулатуры, старой мэблі і металалому.

Гарадзенскі юрыст Ігар Кузьмініч з 1996 па 98 гады нёс службу ў ваенным судзе, які знаходзіўся ў гэтым старым будынку.


– Шчыра сказаць, ужо на той момант там нічога каштоўнага з інтэр’еру не засталося. Будынак быў у дрэнным стане. Ён ўнутры нагадваў казармы, ды і больш няма чаго ўспамінаць.

 

Апошні касметычны рамонт усярэдзіне правялі перад распадам СССР. Але палац і сёння дзівіць сваімі памерамі: пачынаючы ад высокіх столяў, заканчваючы шыкоўнымі лесвіцамі.

У Аддзеле камунальнай маёмасці і прыватызацыі гарвыканкама распавялі, што зараз вырашаецца пытанне далейшага лёсу будынка. Адну з прапанаваных ідэй – размясціць тут Дом шлюбаў – вырашылі адкласці да лепшых часоў. Зараз горад гатовы разгледзець розныя варыянты ад інвестараў і гараджан. Галоўнае, каб будынак не стаяў пусты.

На тэрыторыі палаца знаходзілася гарадзенская гаўптвахта, вядомая ў народзе як “губа”. Камеры для людзей і тэрыторыя гаўптвахты можа ўразіць любога гараджаніна. Мала хто ведаў, што 200 метраў ад універсітэта знаходзіцца вось такі закрыты рэжымны аб’ект.

У такім месцы можна было б арганізаваць квэст-рум, музей, выкарыстоўваць для здымкаў фільмаў пра турму і вязняў.

 

Гicтарычная даведка

 

Ажэшкі № 20 – Гарадзенская медыцынская акадэмія, палац князеў Чацвярцінскіх, вайсковая камендатура.

Год пабудовы – 1786.

Помнік архітэктуры позняга барока з выкарыстаннем эклектычных элементаў. Пасля перабудовы ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. купалы заменены атыкамі, упрыгожанымі ваеннай геральдыкай, зняты цэнтральны балкон, дах у цэнтральнай частцы паніжаны, знішчана дэкаратыўнае аздабленне даху.

Быў спраектаваны архітэктарам Джузэпэ Сака для гродзенскай медыцынскай школы. Аднак фактычна будынак быў скончаны ўжо пасля таго, як сама школа была пераведзена ў Вільню. Пазней будынак – уласнасць князёў Святаполк-Чацвярцінскіх, тут захоўваліся прыватныя мастацкія зборы. Тут нарадзіўся гісторык Юзаф Ядкоўскі (20 снежня 1890 г.), знаходзіўся інтэрнат другога армейскага корпуса (1903 г.), упраўленне ўезднага вайсковага начальніка (1915 г.). У савецкі час тут працавалі першы і другі ўчастак нарсуда Гродна. Да 2014 года будынак займала вайсковая камендатура.

 

Фота: Ілля Гелей і Руслан Кулевіч