Бары, боўлінг і вакзал: куды пайсці і чым заняцца ў Гродне ноччу?

|

Дзе ў Гродне абмяняць грошы пасля 19.00?

 

Кавярні і рэстараны

 

Рэстаран “Гродна” ў аднаіменнай гасцініцы працуе з 22.00 да 05.00 з аўторка па нядзелю. Паесці піцы (і не толькі) можна ў кафэ Н2О да 5.00 у пятніцу і суботу, да 2.00 – у іншыя дні. Да 6.00 можна завітаць у рэстаран у боўлінг-клубе “Метро”.

 

Кругласутачна працуе фаст-фуд “Колобки” ў парку Жылібера. Галоўнае – не трапіць у санітарны перапынак, калі каларытная прыбіральшчыца выганяе ўсіх венікам і швабрай.

 

 

Бары

 

Амаль усе гарадзенскія бары ў буднія працуюць да 23.00 і 00.00, а ў выходныя – да 2.00. Калі вы хочаце затрымацца, ёсць 11 бараў, якія працуюць дапазна: Underground, “Лондон”, “Корица”, “Релакс”, City, Dejavu, “Чемпи”, “ФанЭра”, “Паб 32”, “Чарли” і “Пушкин”.

 

Бар “Рэлакс” пазіцыянуе сябе як Gentlemen club і кожны дзень ладзіць жаночы ці мужчынскі стрыптыз. У City часта бываюць дзіджэі і танцы-танцы-танцы. Паспяваць караоке можна ў барах “ФанЭра” і “Пушкин”. У бары “Корица” вы сустрэнеце мясцовых музыкаў, панкаў і фрыкаў. У “Лондоне” ўбачыце стылізацыю пад англійскую сталіцу, паслухаеце якасны брыт-поп і вып’еце прывезенага з Брытаніі эля. У кінабары “Чарли” скаштуеце пасля апошняга вячэрняга сеансу сушы і зап’еце кактэйлем. У ”Чемпи” можна паслухаць кавэр-бэнды ды пакаштаваць неапалітанскую піцу або брускету. Ва ўсіх барах ноччу працуе кухня.

 

Underground

сб – 12.00-4.00, астатнія дні – 12.00-2.00

 

Лондон

пн-нд – 12.00-4.00 

 

Корица

пн-нд – 12.00-4.00

 

Релакс

пт, сб 20.00–04.00, астатнія дні 20.00–02.00

 

City

чц-сб 12.00–04.00, астатнія дні 12.00–01.00

 

Dejavu

чц–нд 21.00–06.00

 

Чемпи

пн–нд 16.00–04.00

 

ФанЭра

пт, сб 20.00–05.00, нд 20.00–03.00

 

Паб 32

сб 13.00–04.00, астатнія дні 13.00–02.00

 

Пушкин

пн-пт 18.00-02.00, сб 15.00-06.00, нд 15.00-02.00

 

Чарли

пн-нд 18.00-06.00

 

 

Клубы

 

З чацвярга па суботу ўсе клубы Гродна працуюць да 4 ці 6 гадзін раніцы.

 

 

Казіно

 

Буйныя казіно ў Гродне пазачыняліся, затое шматлікія гульнявыя клубы адкрыты кругласутачна. Праўда, яны і іх наведнікі рэгулярна трапляюць у зводкі міліцыі. Таму не рэкамендуем.

 

 

Начныя кінасеансы

 

Кіно – класічны від адпачынку. Хто сказаў, што ў кіно ходзяць толькі днём? Можна зладзіць рамантычную ноч для другой паловы, ці захапіць сяброў і ад душы пасмяяцца з камедыі. У кінатэатры “Усход” летась адчыніўся начны кіназал, дзе з 21.00 да 04.00 праводзяцца сеансы. Па пятніцах і суботах у кінатэатры зніжкі 30%. Таксама па пятніцах і суботах у “Чырвонай зорцы” ёсць сеансы на 23.30. Галоўнае – набраць столькі людзей, каб сеанс адбыўся (кажуць, калі менш за сем чалавек, то “кіна не будзе”).

 

 

Гульні

 

Nightcity – гэта хіба самы стары ў Гродне квэст, ён існуе з 2003 года. Іншы праект, Гарадзенскі Энкаўнтэр, дзейнічае з 2007. Кожныя два тыдні ў ноч з суботы на нядзелю каманды рухаюцца па горадзе і прыгарадах, выконваючы заданні, якія паступаюць па інтэрнэце. Ужо стала традыцыяй сустрэць у горадзе чалавека з ліхтарыкам, які шукае схваныя літары і лічбы. Можна далучыцца да ўжо існуючай каманды ці заснаваць сваю.

 

Па пятніцах можна пагуляць у настолкі. Клуб настольных гульняў “Партал” штопятніцы ладзіць начныя гульнятэкі. Гульні самыя розныя – на рэакцыю, на асацыяцыі, з карткамі, з фішкамі. У клубе рэгулярна з’яўляюцца навінкі.

 

 

Боўлінг

 

Да 02.00 пагуляць можна ў забаўляльным цэнтры “Галактыка”, да 06.00 – у боулінг-клубе “Метро”.

 

 

Вакзалы

 

Гродзенскі аўтавакзал працуе кругласутачна, з перапынкам з 02.00 да 04.00. Каб падсілкавацца, там ёсць толькі аўтамат з прысмакамі і кавай.

 

На чыгуначным вакзале значна камфортней. Хоць і кажуць, што пасля рэстаўрацыі там стала менш месцаў, пасядзець і нават паляжаць атрымаецца. Унізе ёсць крама і кава-аўтаматы. На вакзале ёсць нават своеасаблівы хостэл – вельмі танныя пакоі адпачынку, пра якія можна спытаць у даведцы. А можна проста сядзець, піць каву з аўтамата, слухаць гудкі адыходзячых цягнікоў і думаць пра вечнае.

 

Фота instagram.com/kuzas_a