Аляксандр Рыбак на канцэрце ў Гродне паказаў усе бакі музыкі і паціснуў руку мэру

У калідоры ўніверсітэта па вуліцы Леніна было незвычайна людна і шумна. Яшчэ б – прыязджае зорка Еўбрабачання, хай сабе і шасцігадовай даўніны. Жанчыны прыхарошваліся ля люстэркаў і чакалі. Што адметна, канцэрт пачаўся без спазненняў.

Першымі на сцэну выйшлі Milki. Выканаўшы некалькі песень, яны прадставілі “іх коціка” – Аляксандра Рыбака. Той выйшаў, прапанаваў павітацца па-нарвежску і пазнаёміцца. “Мяне завуць Саша, – сказаў ён. – А вас?”

 

Рыбак шмат жартаваў і ўсміхаўся. Ён казаў пра спецыфічны нарвежскі гумар, які часам не разумеюць у Беларусі. Тым не менш, кантакт з залай быў наладжаны. У зале, дарэчы, былі не толькі гарадзенцы. На канцэрт Рыбака ў Гродне прыехалі пяць прыхільнікаў з Расіі. Алеся расказала, што група найбольш актыўных фанатаў адсочвае канцэрты ў Расіі і Беларусі і катаецца за выканаўцам. Сябры, дарэчы, пазнаёміліся на самым першым сольным канцэрце Аляксандра ў Маскве і з той пары камунікуюць. Аляксандр нават ведае іх у твар і па імёнах.

 

Рыбак выканаў некалькі рускамоўных песень, перамоганосную “Fairytale” і прапанаваў паслухаць класічную музыку. “На канцэрце я стараюся паказаць усе бакі музыкі – поп, фолк і класіку. Я ж першапачаткова класічны скрыпач”, – сказаў Рыбак і выканаў разам з мінскім піяністам Міхаілам Оргішам “Венгерскую сюіту”. Цікава, але публіка сустрэла класіку найбольш гучным плясканнем. Наступныя дзве песні Рыбак граў вельмі пранікнёна, на яго твары выразна чыталіся розныя эмоцыі. “Калі нарвежскія крытыкі ацэньвалі гэты альбом, яны сказалі, што тут прагледжваецца славянская душа, – кажа Рыбак. – І гэта сапраўды так”. Падчас другой песні артысты вырашылі зрабіць сэлфі з залам.

Рыбак раздаваў кампліменты гораду: “Мінулым разам я не паспеў наведаць горад, а цяпер змог. Ён вельмі прыгожы”. Выканаўшы чарговую песню, Аляксандр сказаў: “А зараз я хваляваўся больш звычайнага. Бо даведаўся, што ў зале сядзіць ваш мэр”. У зале сапраўды прысутнічаў Мечыслаў Гой. Рыбак паціснуў яму руку і падзякаваў за магчымасць выступаць у Гродне. Гой усміхаўся і паказваў “клас”.

Рыбак выканаў песню “Into a Fantasy”. Гэтая песня – афіцыйны саундтрэк да мультфільма “Як прыручыць цмока”. Не ўсе прыхільнікі ведалі, што выканаўца супрацоўнічае са студыяй DreamWorks. А пад песню “Стрела Амура” падтанцоўка зладзіла сапраўднае шоў.

 

У канцы канцэрта славянскі нарвежац выканаў папуры песен, якія ў свой час перамаглі на Еўрабачанні. Сярод іх былі песні немкі Лены Ландрут-Маер, фінаў Lordi і ўласная Fairytale. “Не ўсім пасля перамогі пашчасціла збіраць залы і мець гастролі”, – паспачуваў Рыбак.

Milki, дзе ёсць і гарадзенка Вікторыя Назарко, выконвалі песні як сольна, так і разам. Гарадзенцы пачулі беларускія народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы, украінскую “Чэрвону Руту”, рускую версію песні Марылі Радовіч “Ярмарки пляски” і песню “Бурановских бабушек” “Party for everybody”. Апошняй была кампазіцыя, “якая аб’яднала нас у адну сям’ю” – песня для Еўрабачання “Accent”. Пад гэтую Рыбак асабіста акампанаваў дзяўчынам.

Выступалі дзяўчыны ў белых панчохах у сетачку і кароткіх сукенках з арнаментам. Milki назвалі гэта “спалучэннем традыцыі і сучаснасці”.

Артыст адмовіўся камунікаваць з прэсай з-за дрэннага самаадчування. Тым не менш, паставіў аўтографы на ўсе квіткі і зрабіў фота з усімі жадаючымі, а таксама шчодра раздаваў буські дзяўчатам.