Бонд. Апошні рыцар Еўропы

Дваццаць чацвёртая стужка пра легендарнага брытанскага шпіёна (ці разведчыка – у залежнасці ад перакананняў) атрымалася відовішчнай, дынамічнай і густоўнай адносна традыцыйнага бондаўскага стылю.

 

Сюжэт таксама адпавядае часу: гэтым разам усё круціцца вакол сістэмы татальнага відэаназірання, якая мае змагацца з тэрарызмам, але насамрэч служыць інтарэсам сусветнай злачыннай закулісы.

 

Ужо паўстагоддзя Бонд і яго ворагі з’яўляюцца своеасаблівымі барометрамі часу. Бонд паспеў пабываць і героем Халоднай вайны, і змагаром з сусветным тэрарызмам, а зараз яшчэ і выкрывальнікам таемных сетак унутры саміх спецслужбаў.

 

Заможныя мужчыны ўсяго свету ўжо паўстагоддзя імкнуцца апранаць гарнітуры “як у Бонда”, замаўляць гадзіннікі і аўто “як у Бонда”, кахаюць жанчын, падобных да тых, якія былі заўважаныя “поруч з Боднам”.

 

Герой у выкананні Дэніэла Крэйга, пры гэтым, застаецца стоадсоткавым архетыпічным брытанцам: джэнтэльменам з пачуццём гумару, каханкам з вытанчаным стылем, забойцам з халоднымі шэра-блакітнымі вачыма.

 

Чым здзіўляе чарговы фільм пра агента 007?


Жанчыны. Гераіня Монікі Белуччы, як не дзіўна, праходзіць у стужцы толькі эпізадычна. Яна – удава забітага Бондам кілера, толькі адзін з ланцужкоў галоўнай лініі, далёка не асноўны. Чарговай “жанчынай Бонда” стала маладая мадэль Леа Сейду, больш вядомая па фільму “Жыццё Адэль”. Згодна сюжэту яна – дачка яшчэ аднаго мёртвага забойцы (смайл), якая ведае пра арганізацыю “Спектр” нешта такое, без чаго Бонду не абысціся.


Краявіды. Новую серыю “Бондзіяны” гледачы наўрад ці расцягнуць на цытаты, а вось на скрыншоты для шпалер на свае ноўтбукі – лёгка. Фільм пачынаецца са сцэны “карнавалу мёртвых” у Мехіка, пагоні на спартыўных аўто ўздоўж Цібру, далей пераносяць нас у Рым, лёсавызначальная для Бонда размова праходзіць у ціхім заснежаным дамку на беразе Альтхаўсзээ ў аўстрыйскіх Альпах, а найбольшы ў гісторыі кінематографа выбух адбываецца ў пустыні Марока. Без шэрых вулачак Лондана, канешне, не абышлося.


Рэкорды. Выбух! Менавіта праз выбух у мараканскай пустыні фільм “007: Спектр” трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Адмыслоўцу па візуальных эфектах Крысу Корбуду, распрацоўшчыку грандыёзнага і, як выявілася, найбольшага ў гісторыі кіно выбуху, і была прысуджаная прэмія.


Чалавечае, вельмі чалавечае. Хіба ўпершыню Бонд паўстае перад гледачом чалавекам, як бы гэта пафасна не гучала, а не цынічным забойцам з крутым гадзіннікам. У стужцы прыпадымаецца завеса над таямніцай дзяцінства агента 007, асобай яго прыёмнага бацькі і… брата. Выглядае, што элегантная машына для забойства ў ХХІ стагоддзі – гэта ўжо неяк старамодна. Таму супергерой мае мець і чалавечыя рысы, якія аўтаматычна ператвараюць яго ў трагічнага персанажа.

 

Разам з тым, Бонд працягвае заставацца міфалагічным героем – спалучэннем ідэальных рысаў і адначасна дыягназам для эпохі. “Апошні рыцар Еўропы”, так бы мовіць.

 

Мажліва, для грэкаў падобным персанажам быў некалі Геракл. І грэкі, заўважце, не разважалі над тым, ці мог сапраўды Геракл забіць Лернейскую гідру ці так спраўна вычысціць Аўгіевы стайні. Яны наўпрост атрымлівалі асалоду ад сузірання ідэальнага грэка…

 

Так, у рэальнасці карнавал не можа працягвацца, калі на суседняй вуліцы ўзарваўся цэлы квартал. Так, нельга ўратаваць свет, не забрудзіўшы пінжака ды не разбіўшы нават носу да крыві. Так, сапраўдныя разведчыкі не страляюць, бо любы стрэл – гэта правал аперацыі.

 

Але мы гаворым не пра рэальнасць, а пра міф. Усё, што адбываецца на экране – наўпрост прыгожа. Таму – пачніце нарэшце ставіцца да Бонда, як да твору мастацтва.

 

Удалага прагляду!