“Татальная музеефікацыя”. ТОП-10 музеяў-фантомаў Гродна

У 2016 годзе споўніцца роўна дзесяць год ад пачатку “эпапеі” са стварэннем у горадзе амаль дзясятка (!) новых музеяў у дадатак да ўжо існуючых. Менавіта ў 2006 годзе, на які акурат прыпаў найбольш разбуральны этап будаўнічых працаў у гістарычным цэнтры, старшыня камісіі па культуры, адукацыі і справах моладзі Аляксандр Ласмінскі паабяцаў “татальную музеефікацыю” Гродна. Прапановы былі закладзеныя ў праграму “Спадчына” на 2006-10 гады.

 

Для Гродна пачалі дамагацца статусу “горада-музея”, якога юрыдычна ніколі не існавала. Пасля свой музей прапанаваў старшыня вобласці Сямён Шапіра. Пасля дадалося яшчэ тры музеі.

 

Музей нумізматыкі. Гэты музей, як і чатыры наступных па спісе, ініцыяваны Ласмніскім у 2006-м годзе. Па ідэі, экспанаты мусілі паходзіць з фондаў Гісторыка-археалагічнага музея, аднак у “замкі” ніхто з такой прапановай нават не звяртаўся.

Дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей меў стаць ”донарам” для новых музеяў, але так і не стаў

 

Музей паштовак горада і філатэліі. Гісторыя аналагічная папярэдняй. Дагэтуль найбольшыя калекцыі гарадзенскіх паштовак знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Гродне ды за мяжой (найбольш вядомы калекцыянер – Фелікс Варашыльскі з Нямеччыны).

 

Музей старога побыту. Аналагічна. Адзінай яго сімвалічнай “кампенсацыяй” можа стаць прыватны музей старых прасаў, які неўзабаве можа адчыніцца на Савецкай. Але тут ідзе гаворка пра прыватную ініцыятыву ды калекцыю, дзяржава зноў не пры чым.

 

Музей старых фотаздымкаў. Падобны музей меўся б быць найбольш блізкім спадару Ласмінскаму, прынамсі як старшыні Гарадзенскага фотаклубу. Аднак, зноў жа, нічога канкрэтнага для яго стварэння не зроблена.

 

Музей жыцця і творчасці заслужаных дзеячоў музычнай культуры горада, народнага ансамлю “Нёман”. Нічога падобнага ў горадзе так і не паўстала, у наступную праграму “Спадчына” нават у якасці ідэі ён не трапіў. Цікава таксама, што для ўсіх пяці вышэйпералічаных музеяў не былі абраныя нават месцы – задума засталася выключна на паперы.

 

Музей сельскагаспадарчай тэхнікі. Такая экспазіцыя пад адкрытым небам мела паўстаць у Каробчыцах, побач з гарналыжнай трасай. Ініцыятарам выступіў сам абласны старшыня – Сямён Шапіра. Тым не менш, у Старым замку дагэтуль “сумуюць” пад дажджом старыя сячкарні, прызначаныя для музея (на першым фота). У Каробчыцах акрамя гераічнага “партызанскага лагеру” з вайсковай тэхнікай, ніякіх намёкаў на музей сельскай гаспадаркі і блізка няма.

Пустуючыя палі пад Каробчыцамі

Так меў выглядаць музей сельскагаспадарчай тэхнікі ў Каробчыцах

 

Музей чыгункі. Гэты музей, задуманы ў 2010-м, меўся быць сімвалічным успамінам пра грандыёзны праект 150-гадовай даўніны – чыгунку “Санкт-Пецярбург-Варшава”. Экспазіцыя месцілася б у старым трохпавярховым будынку поруч з вакзалам, а з Гродна ў Парэчча меў хадзіць рэтра-паравоз. Паравоз не ходзіць, а кінуты будынак з таго часу паспеў згарэць і зараз стаіць зацягнуты будыўнічай сеткай.

Тут меўся быць музей чыгункі, але па факце будынак пустуе

 

Музей Быкава. Далёка не ўсе гарадзенцы ведаюць пра існаванне быкаўскага пакою-музею на Савецкай, які некалі паўстаў дзякуючы падвіжніцкай працы спадара Мікалая Мельнікава. Але нават тыя, хто ведае, наўрад ці туды трапяць – пакой месціцца ў офісе ветэранскай арганізацыя, таму трэба кагосці шукаць, дамаўляцца пра ключ… Адэкватнае памяшканне для музея даўно абяцаў універсітэт (яшчэ пры жыцці Мельнікава), зараз стварэнне музею прапісанае ў новай праграме “Спадчына” на 2016-2020 гг.

 

Музей падземнага горада. Выдатная задумка, пахаваная самімі ж уладамі: падвалы палацу Радзівілаў, раскапаныя і… закапаныя рэканструкцыяй 2005-2007 гадоў былі б выдатнай ілюстрацыяй “падземнага горада”. Музеефікацыя падмуркаў, пра якую казалі тады, так і не адбылася. Калі нешта падобнае рабіць у касцельных скляпеннях (напрыклад, Фарнага касцёла) – гэта ўжо будзе ініцыятыва і грошы касцёлу, а не гарадскіх уладаў.

 

Музей Вялікага Княства Літоўскага. Гэтую ініцыятыву можна лічыць найбольш свежай. Прапанаваў яе сёлета ў верасні старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Добра, што вядома хаця б месца – былы будынак архіву на плошчы Тызенгаўза, збудаваны гарадскім старастам у XVIII ст. Але ёсць пару момантаў. Гарадзенскі Стары замак – як экспазіцыя, так і будынак – па логіцы сам па сабе ёсць ідэальны Музей ВКЛ. Можа варта тыя ж рэсурсы аддаць на яго ўпарадкаванне, новыя вітрыны і стэнды?

 

Калі вяртацца да праграмы “Спадчына” на 2006-10 гады, то з усіх тады прапанаваных музеяў, быў зроблены толькі музей МНС пад пажарнай каланчой. Пры гэтым, рабіўся ён высілкамі менавіта МНС, а не горада, таму і застаўся ўмоўна-зачыненым: трапіць туды можна толькі групай і па дамоўленасці.

 

Мы пакінулі ў баку шмат дробных нерэалізаваных ініцыятыў, кшталту неіснуючага музейнага пакою прысвечанага жыццю пісьменнікаў (гімназія №2) або пашырэння плошчаў музея-аптэкі ды музея Элізы Ажэшкі, чаго таксама не адбылося.

 

Тым не менш, спадар Ласмінскі мае яшчэ процьму ідэй, якімі гатовы “адарыць” горад. Напрыклад, ідэя вяртання вывезеных адсюль у свой час каштоўнасцяў – у Эрмітаж ды іншыя музеі, агучаная ў 2014-м годзе.

 

Фота Вольгі Мілавай