Балкон на Доме пастара ў Гродне патрабуе рэстаўрацыі

|

На працягу некалькіх дзён людзі, у тым ліку супрацоўнікі ЖЭСа, прыходзяць і вывучаюць старую пабудову. Занепакоены i пастар Лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў, які кожны дзень кантралюе сітуацыю.

 

– На вялікі жаль, да нашых дзён захаваліся не ўсе помнікі гісторыі. Сёння мы мусім захоўваць тое што маем для нашых нашчадкаў. Калі казаць пра лютэранскую царкву ў Беларусі, то засталося вельмі мала будынкаў, якія б нагадвалі пра лютэран на гэтай замлi. У Гродне адзіны дзеючы храм. Застаўся яшчэ дом пастара і месца, дзе былі могілкі, зараз там размешчаны дзіцячы сад. Важна захаваць тое, што засталося. Таму мы занепакоеныя тым, што адбываецца з балконам дома пастара, – распавёў Уладзімір Татарнікаў.

 

Будаўнікі, якія працуюць у доме пастара, запэўнілі, што балкон застанецца на месцы, але яго трэба будзе рэканструяваць:

 

– Агароджа балкона не адпавядае сучасным нормам, яна ніжэй, чым патрэбна. У савецкі час, калі рабілі рамонт, залілі сцяжку без усякай гідраізаляцыі. У лепшым выпадку балкон прастаіць яшчэ гадоў пяць. Мы зробім ўсё магчымае, каб яго выратаваць.

 

У першую чаргу плануецца зняць сцяжку. Сама канструкцыя ўжо праржавела і прагніла, таму трэба правесці экспертызу на прыдатнасць.

align=”” alt=”дом пастора Гродно лютеранская кирха” width=”725″ height=”544″ >

 

Гістарычная даведка ад Віктара Саяпіна

 

Дом №7 па вуліцы Акадэмічнай узведзены ў 1912 годзе з жоўтай цэглы. Будынак належаў пастару лютэранскай абшчыны Освальду Плямшу. Ён кіраваў суполкай да 1938 года. Пры адступленні з Гродна ў 1944 немцы расстралялі ўсю яго былую прыслугу. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме жыла сям’я першага пасляваеннага старшыні гарвыканкама Барыса Саўкова, а таксама партыйныя і прафсаюзныя работнікі, медыкі. На сцяне дома захаваліся выбаіны ад куль. Неўзабаве пасля вызвалення Гродна на старшыню гарвыканкама быў здзейснены замах: стралялі па акну, ля якога ён сядзеў.

 

Сын Барыса Саўкова Аляксандр распавёў, што, вывучаючы гарышча пасля вайны, знайшоў некалькі дзіўных вінтовачных патронаў. Кулі ў іх былі вытачаны з дрэва і пафарбаваныя ў вішнёвы колер.

Валерый, старэйшы брат Аляксандра, запэўніваў яго, што ў доме ёсць нейкая таямніца, у ім нешта схавана. У 1970-я гады ў Гродна наведалася ўнучка пастара Плямша, якая жыла ў Англіі: яна папрасіла Аляксандра паказаць ёй дом і сад. Але, паглядзеўшы і нічога не знайшоўшы, жанчына з’ехала.

 

Сёння першы паверх дома жылы, другі пустуе – там ідзе рамонт. Менавіта будаўнікі, якія там працуюць, расказалі пра крытычны стан балкона.