Pokemon battle у Гродне сабраў сотні аматараў хіп-хопа

|

Фестываль праходзіў у Гродне ўжо шосты год запар. Асноўная мэта Pokemon battle – развіццё таленту маладых танцораў. Сама “танцавальная бітва” адбывалася 22 лістапада ў галоўным корпусе ГрДУ.

Першымі на танцпляцоўку выйшлі дзеці, а іх гэтым разам было шмат. Кожнага ўдзельніка падтрымлівалі бацькі і сябры, бітва сярод дзяцей разгарнулася не на жарты.


“Такія турніры вучаць дзяцей не проста паўтараць завучаныя рухi, а імправізаваць, ствараць нешта новае пад зусім розную музыку, – распавядае Артур, арганізатар фестывалю. – Мы вучым дзяцей не толькі танцам, але і добрым учынкам. Мы за здаровы лад жыцця. Нашыя танцоры не ідуць піць і паліць – яны ідуць танцаваць.

 

Бацькі лічаць, што такія мерапрыемствы дапамагаюць дзецям займацца любімай справай і хутчэй развівацца. “Няхай наша дзіця танцуе, гэта лепш, чым незразумелымі справамі займацца ў двары. Сёння мы яго прыйшлі падтрымаць ўсёй сям’ёй. На перамогу не разлічваем, для нас галоўнае выйсці і сябе паказаць“, – расказала Наталля, якая прывяла на турнір свайго 11-гадовага сына.

 

З надыходам цемры на пляцоўку выйшлі больш дасведчаныя хлопцы і дзяўчаты. Дзеці пільна глядзелі на вопытных танцораў, якія змагаліся за галоўны прыз – ганаровую грамату і грошы.

А днём раней прайшоў майстар-клас па танцах ад суддзяў, які прыехалі з Мінска.

Спаборніцтвы доўжыліся амаль цэлы дзень, пачынаючы з гадзіны дня і да позняга вечара. Дзякуючы добрай арганізацыі ўсе ўдзельнікі засталіся задаволеныя. Бо ў падобных мерапрыемствах няма пераможцаў і прайграўшых, ёсць лепшыя ў намінацыі. Але і гэта не галоўнае. Танцоры з усёй Беларусі збіраюцца на танцавальных мерапрыемствах дзеля таго, каб падзяліцца вопытам, пагутарыць і абмяняцца пазітыўнымі эмоцыямі, адчуць сябе часткай чагосьці большага. А яшчэ, каб рухацца наперад, вучыцца і развівацца. Бо толькі танцоры разумеюць, наколькі гэта важна, таму што, пакуль ты танчыш – ты жывеш.