У Гродне будаўнікі натыкнуліся на старыя падмуркi пры пракладцы трубаправода ля гарвыканкаму

|

Будаўнічыя працы ля гарвыканкаму пачаліся на мінулым тыдні. Менавіта тады на глыбіні метра з’явіліся першыя цагліны старога падмурка.

Кіроўца экскаватара Алег распавядае, што з такой пабудовай сутыкаецца ўпершыню:


“За ўвесь час працы, а стаж у мяне вялікі, я працаваў з многімі падмуркамі. Але такога моцнага я яшчэ не бачыў. Мне спатрэбілася гадзіна часу, каб прабіць патрэбнае нам месца. Пасля выкананай працы я паглядзеў на цэглу і рошчыну, і з упэўненасцю магу сказаць, што будавалі тады на стагоддзі. Пры цяперашніх тэхналогіях, мы не можам пахваліцца падобным”.

Паводле некаторых крыніц практычна ў тым месцы, дзе зараз вядуцца працы, у канцы XVIII стагоддзя быў закладзены падмурак будынка, які павінен быў стаць копіяй “крывой афіцыны”, што стаіць насупраць. Верагодна, будаўніцтва так і не скончылі з-за недахопу грошай.

 

У 1912 годзе на тым месцы пабудавалі псіхіятрычную бальніцу (варта адзначыць, што па плане 1866 года тут таксама была пабудова, але што там было нам невядома). У савецкія часы псіхдыспансер пераехаў з плошчы Леніна ў Брыгіцкі манастыр. У вызваленым памяшканні пасяліўся інстытут біяхіміі. Гэты будынак прастаяў да 1976 года. Па ўспамінах відавочцаў, пасля зносу ў падвалах будынка нейкі час яшчэ працаваў буфет, але пасля яго закрылі.

Плошча Тызенгаўза ў 1968 годзе. Будынак насупраць крывой афіцыны не відаць з-за дрэў.

 

Хутчэй за ўсё, зараз будаўнікі так і не дакапаліся да тых самых падвалаў. Але вялікая верагоднасць таго, што яны выявілі падмурак знесенага будынка і так не пабудаванай крывой афіцыны. Часу на даследаванне, як звычайна, няма. Будаўнічыя працы завершацца ў бліжэйшыя дні.