У Гродне выдалі заходнебеларускі раман-хроніку “Саветы”

|

У падставе сюжэту ляжаць спрэчныя і неадназначныя з’явы: прыход Чырвонай Арміі, усталяванне савецкай улады, калектывізацыя, раскулачванне, рэпрэсіўная і культурная палітыка. Аўтар выкарыстоўваў архіўныя і навуковыя матэрыялы, дакументы, мемуары, а таксама ўласныя інтэрпрэтацыі і спробы рэканструкцыі падзей. Таму кніга можа быць цікавай у тым ліку гісторыкам і краязнаўцам.

 

“Дзеянне рамана адбываецца на Смаргоншчыне і Ашмяншчыне адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да Усходняй у верасні 1939 года. Скажу шчыра,  пра тагачасныя падзеі ў нашай літаратуры яшчэ ніхто так не пісаў. Раман захоплівае з першай старонкі і, я ўпэўнены, будзе чытацца і перачытвацца”, – пісаў на “Тваім стылі” пра тады яшчэ рукапіс кнігі Юры Камягін.

 

Папярэдняя мастацкая кніга Янкі Трацяка – зборнік эпіграм і пародый “Партрэты ў інтэр’еры Гародні” – выйшла ў 2013 годзе.

 

***

 

Фрагмент рамана “Саветы”:

 

“Узахлёб тады перакладчыкі крычалі пра тое, што гітлераўскія і сталінскія сокалы нарэшце навядуць парадак не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Прыкра было глядзець, як рускія і нямецкія салдаты скідвалі ў кучу польскія, чэшскія і іншыя харугвы еўрапейскіх дзяржаваў, а пасля глуміліся над імі. А яшчэ далася ў памяць сваім цынізмам прыпеўка, якую дружна спявалі чырвонаармейцы пад гармонік:

 

Панской Польши нету больше,

Хитрой ведьмы нет в живых,

Не захватит в лапы Польша

Наших братьев трудовых… .

 

У Бярэсці, дарэчы, браты і сустрэліся”