Апошняя падзея ў гісторыі Рэчы Паспалітай: 220 гадоў таму адрокся ад трону Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Кароль жыў на другім паверсе Новага Замка з агульнай світай каля 200 чалавек. Гэта былі лекар, сакратар і камердынер, а таксама шматлікая служба. Палац сторга ахоўваўся расійскімі жаўнерамі. Дзяжурны афіцэр пастаянна складаў рапарты для начальніка гродзенскага гарнізона князя Цыцыянава. Забаронены былі любыя сходы, каралеўская перапіска кантралявалася. Нават ноччу ў суседнім ад каралеўскай апачывльні пакоі знаходзіліся каралеўскія шамбеляны.
Прыезд караля ў Гродна, студзень 1795 г.
Кароль вёў даволі аднастайны лад жыцця. У 6 гадзін падымаўся з ложка, чытаў і пісаў лісты. У 11-12 гадзін прымаў гасцей а пасля ездзіў па ваколіцах, наведваў свае рэзідэнцыі або страляў фазанаў у ваколіцах Сабачай Горкі. У 14 гадзін сядаў абедаць. Пасля наведваў касцёл і каля 22 гадзін ішоў спаць.
25 лістапада 1795 г. кароль быў выкліканы ў былы палац Тызенгаўза, які ўжо стаў палацам Вярхоўнага літоўскага правіцеля, расійскага генерал-губернатара Эстляндскага, Віленскага і Курляндскага Мікалая Рэпніна і атрымаў у рукі ліст, які павінен быў падпісаць.
Мы, Станіслаў Аўгуст, з Божай ласкі Кароль Польскі, Вялікі Князь Літоўскі і ect. ect. ect.
Не шукаючы цягам каралявання нашага іншых выгод альбо намераў, апрача як стаць карысным у Нашай Айчыне, трымаемся мы таго пераканання, што належыць нам пакінуць трон у тых абставінах, калі мы разумеем, што сыход наш павялічыць шчасце суайчыннікаў нашых або хацяб паменшыць няшчасці іхнія.
Перакананыя цяпер, што ўпартасць нашая Айчыне нашай не прыдасца, калі нешчасліва пачатая ў ёй інсурэкцыя (паўстанне) заглыбіла яе ў цяперашні стан знішчэння, і разважыўшы, што прадпрынятыя Найяснейшай Імператрыцай Усіх Русяў і іншых суседніх дзяржаў для вяртання супакою Нашым падданым былі зусім неабходнымі, мы вырашылі, што свабодна і па ўласнай волі адракаемся ад усіх сваіх правоў на Карону Польскую, Вялікае Княства Літоўскае і іншыя краі. Акт гэты абдыкацыі (адрачэння) ад кароны добраахвотна аддаем у рукі Найяснейшай Імператрыцы Усіх Русяў. Сыходзячы з трону выконваем апошні абавязак каралеўскага гонару, заклінаючы найяснейшую Імператрыцу, каб сваю матчыну дабрыню распаўсюдзіла на тых, каго каралём мы былі і каб дзеяннем сваёй вялікай душы надзяліла сваіх сяброў. Гэты акт падпісалі і загадалі нашую пячатку прыкласці.
Было гэта ў Гродне 25 лістапада, на 32 годзе панавання Нашага.
Станіслаў Аўгуст, кароль.
Палац Тызенгаўза
Гэта быў акт каралеўскай абдыкацыі (адрачэння ад кароны), падпісанне якога павінна было стаць апошнім актам у двухсотгадовай гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтарам яго быў усё той жа Мікалай Рэпнін, які адкрыта шантажаваў караля ягонымі асабістымі даўгамі і нават сказаў яму, што ні асабісты лёс караля ні лёс яго сям’і, не будуць забяспечаны і даўгі не будуць заплочаны, пакуль кароль на адрачэцца ад прастола. Станіслаў Аўгуст падпісаў адрачэнне ў дзень, калі споўнілася роўна 31 год з яго каранацыі і акурат былі чарговыя імяніны Кацярыны ІІ. У студзені 1797 г. Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі канвенцыю аб уплаце даўгоў былога караля (40, 40 і 20% адпаведна) і пасмяротнай выплаце каралю штогадовай пенсіі ў аб’ёме 200 тысяч дукатаў.