Былы чыгуначны мост на Вішняўцы могуць пачаць перабудоўваць ужо ў 2016 годзе
Праект выкарыстання закінутага мосту ў ваколіцах вёскі Солы абмяркоўваецца ўжо не першы год, піша Белта. На левым беразе яго маюць злучыць з вуліцай Паўднёвай, на правым – з трасай М6 і вуліцай Карскага. Такім чынам мост павінен вырашыць у тым ліку транспартныя праблемы Альшанкі – да гэтага раёна ў горадзе не стае пад’язных шляхоў. Мост звяжа аддалены раён з трасай Мінск-Гродна, праспектам Касманаўтаў і запланаваным для пабудовы раёнам шматпавярховікаў у Грандзічах.
Новы мост дазволіць таксама разгрузіць праспект Кляцкова і Румлёўскі мост, нагрузка на якія, паводле прагнозаў, будзе толькі расці.
Акрамя мосту ў Гродне, важныя пункты дарожных прац на 2016 годы – асобныя ўчасткі трасы М6. Яшчэ сёлета плануецца правесці падрыхтоўчыя працы (высечку дрэў, арганізацыю будаўнічых пляцовак), у наступным павінна пачацца будаўніцтва на найбольш аварыйных участках у Шчучынскім і Іўеўскім раёнах. Пасля рэканструкцыі дарогі дазволеную хуткасць руху на ёй павялічаць.
Мост быў раней аднакалейным, таму яго давядзецца істотна пашыраць
Фота photos.wikimapia.org