Вуліца Цмочая і Сумасшэдшы завулак. Віктар Саяпін расказвае пра кнігу, над якой працаваў 20 год

Унутры мноства мап ды фотаздымкаў. Як сцвярджае сам краязнаўца Віктар Саяпін, дагэтуль падрабязнай аналітычнай працы ў галіне тапанімікі горада ніхто з гісторыкаў не праводзіў.

 

Мы пагутарылі з аўтарам напярэдадні афіцыйнай прэзентацыі, якая адбудзецца 26 лістапада ў 17.00 у Новым замку.


Перадгісторыя

 

У 1998 годзе ў “Біржы інфармацыі” з’явілася першая публікація Ігара Трусава, з якой пачалася серыя артыкулаў, прысвечаных тапаніміцы горада. Там і была першая спроба расшыфроўкі назваў вуліц у горадзе. Я вельмі захапіўся, збіраў іх, гартаў газетныя лісты, уваходзіў у тэму.

 

Толькі ў сярэдзіне 2000-х я даспеў да таго, каб самому нешта напісаць пра вуліцы горада. А першая мая публікацыя выйшла толькі ў 2008 годзе у газеце “Милицейский вестник”. Пасля ўжо быў “Вечерний Гродно”, суаўтарства ў “Ад Каложы да Фартоў”.

 

Разам са зборам матэрыялаў я працаваў над кнігай каля 20 год.


Здзіўленні

 

Калі працуеш, шмат што здзіўляе. Напрыклад, на мапе Дыбоўскага (1560-я гады) назвы вуліц доўгія, часам складаюцца з сямі слоў: Вуліца, вядучая адтуль туды… і г.д.

 

Лагічна, што з часам назвы маюць ставаць больш лаканічнымі. Але нічога падобнага! 1960-я гады, прайшло 400 год, рашэннем гарвыканкама з’яўляецца: Вуліца імя героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта Камарова В.М.! Спрабуй, запомні ды напішы слушна! Канешне, народ яе перарабіў наўпрост у Камарова.


Палітычны фактар

 

Тапаніміка, наогул, справа заблытаная. Але самы заблытаны перыяд у тапаніміцы Гродна – гэта ХХ ст. Бо горад быў падначалены розным дзяржавам – сем разоў! Давайце палічым: Расія, Нямеччына, Польшча, СССР, Трэці Рэйх, зноў СССР, незалежная Беларусь. Кожная наступная дзяржава ставіла крыж на папярэдняй тапаніміцы горада, уводзячы сваю сістэму.


Кур’ёзы

 

Некаторыя старыя назвы зараз гучаць даволі кур’ёзна. Мала хто ведае, што ў нас быў “Сумасшэдшы” завулак. Была вуліца Жаб’я, Цмочая, Слімак, “Кладбішчэнская” і г.д.


Калегі

 

Цягам працы мне вельмі дапамог Юра Гардзееў, які даслаў матэрыялы па гісторыі вуліц XVIII-XIX стст. За гэта яму вялікі дзякуй! Напрыклад, рэформа 1864 году, праведзеная пасля падаўлення паўстання, ліквідавала ўсе тапонімы, якія не падабаліся ўладзе і ўводзіла новыя. Адтуль пашлі Купецкая вуліца, Паліцэйская і іншыя.


Мапы

 

Тут уключаны масіў мапаў Гродна ўсіх часоў. Ад старажытнасці да розных варыяцый ХХ ст. Ці ведалі вы, напрыклад, што першая савецкая мапа горада з’явілася толькі ў 1978 годзе? Гэта была мапа для шырокага кола карыстальнікаў. Бо ўсе папярэднія савецкія асобнікі былі з пазнакай “ДСП” – “для службовага карыстання”.


Фотаздымкі

 

У кнізе шмат здымкаў. Адкуль? Зазірніце ў канец, там ёсць цэлы спіс людзей, якія дапамаглі і далі фота са сваіх архіваў для маёй працы. Ведаеце, я раней сам шукаў, кагосьці прасіў. А зараз людзі мяне самі знаходзяць і хочуць падзяліцца здымкамі! Як кажуць, першыя пяць год ты працуеш на імідж, а далей ужо імідж працуе на цябе. Каля 80% здымкаў – цалкам новыя для шырокага кола чытачоў.

 

Найтаўсцейшая

 

Большая па аб’ёме ў мяне была толькі кніга, прысвечаная мытні – 1000 старонак на два тамы. А вось па гісторыі горада – гэта найтаўсцейшая і найбольш значная з маіх кніг, на дадзены момант. Наступная кніга, праўду кажучы, мае быць у паўтары разы большая за гэтую! Але яе час прыйдзе толькі ў наступным годзе.

 

Кошт

 

Прыдбаць кнігу ў выдаўца можна будзе за 150 000 рублёў. У крамах горада – за 164 000.

 

Прэзентацыя кнігі “50 гродненских улиц” адбудзецца 26 лістапада ў 17.00 у Новым замку (Абласная бібліятэка ім.Карскага, Зал Перыёдыкі)