Першы беларуска-англійскі тэматычны слоўнік у малюнках хочуць выдаць з дапамогай краўдфандынгу
Асноўныя лічбы і факты аб праекце:
– першы беларуска-англійскі тэматычны слоўнік у малюнках у Беларусі для дзяцей і дарослых;
– каля 50 старонак каляровых ілюстрацый на шчыльнай крэйдаванай паперы;
– каля 1000 будзённых словаў і размоўных фразаў на кожнай мове. Для зручнасці пошуку – беларускі і англійскі алфавітныя спісы лексічных адзінак з нумарамі старонак;
– каля 2000 спрошчаных транскрыпцый, якія падкажуць, як вымаўляць тое ці іншае слова;
– больш за 20 тэматычных раздзелаў: “Часткі жылога будынка”, “Каля дома”, “У вітальні”, “У гасцёўні”, “У спальні”, “У дзіцячым пакоі”, “На кухні”, “Тэхніка на кухні”, “За сталом”, “У каморы”, “Хатняя гаспадарка”, “Рамонт”, “Хатнія гадаванцы” і інш.;
– нясумнае чытво для тых, хто хоча лёгка запомніць беларускія і/або англійскія “хатнія” словы і выразы: назвы прадметаў побыту, гаспадарчых прылад, пакояў, разнастайных хатніх спраў і звыклых побытавых дзеянняў… Навука праз забаву для школьнікаў і не толькі;
– адметны падарунак для беларускага ці замежнага сябра. Англамоўныя замежнікі даведаюцца, напрыклад, што такое “шуфляда”, “каберац” або “рына”, а некаторыя з беларусаў – як па-нашаму называецца “гэтая штука”;
– укладальніцы слоўніка – прафесійныя перакладчыцы, выпускніцы перакладчыцкага факультэта МДЛУ і філалагічнага факультэта БДУ;
– лозунг кампаніі – “Збудуйма “Наш дом” па-беларуску і па-англійску разам! / Let’s build “Our Home” in Belarusian and English together!”;
– ёсць дамоўленасць аб выданні кнігі да 1 чэрвеня 2016 года з выдавецтвам “Галіяфы”.
“Спачатку праект фінансавалі сваімі сіламі, і такім чынам былі створаныя блізу 30% ілюстрацый. Гэты “пілотнік” з’еў шмат энергіі, часу і грошай, але дзякуючы яму мы шмат чаму навучыліся, – расказвае кіраўніца праекта Алена Ялавенка. – Усцешыла, што пачатак нашай краўдфандынгавай кампаніі мабілізаваў і чальцоў каманды, і іншых людзей: за першыя дзевяць дзён нас фінансава падтрымалі 22 чалавекі, якія паабяцалі 10 000 000 бел. руб, з’явіліся новыя валанцёры”.
Стать адным з жыхароў-фундатараў “Нашага дома” можна да 20 снежня 2015 года.